Памілаванне

Працэдура памілавання

Памілаванне асуджаных ажыццяўляецца ў выглядзе замены смяротнай кары пажыццёвым зняволеннем. Выкананне прысуду ў дачыненні да асобы, асуджанай да смяротнага пакарання, прыпыняецца да разгляду хадайніцтва аб памілаванні або матэрыялаў аб адмове ад падачы хадайніцтва.

Рашэнне аб памілаванні / адмове ў памілаванні прымае прэзідэнт краіны на аснове інфармацыі, падрыхтаванай Спецыяльнай камісіяй па памілаванні.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь акрамя хадайніцтваў аб памілаванні разглядае матэрыялы ў адносінах да асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання, якія не хадайнiчаюць аб памілаванні; прадстаўленні Старшыні Вярхоўнага Суда альбо Генеральнага пракурора аб прымяненні памілавання да асоб, асуджаных да смяротнага пакарання - гэта значыць, што для асуджаных пакарання смерцю працэдура запускаецца аўтаматычна, па-за залежнасцю ад таго, ёсць прашэнне ці не.

Інфармацыя пра колькасць памілаваных таксама застаецца закрытай. Вядома, што за ўсе гады праўлення Аляксандр Лукашэнка памілаваў толькі аднаго чалавека, аднак яго імя не паведамляецца.

Прававыя асновы працэдуры памілавання

 

Вытрымкі з Палажэння аб парадку ажыццяўлення ў Рэспубліцы Беларусь памілавання асуджаных, вызвалення ад крымінальнай адказнасці асоб, якія садзейнічалі раскрыццю і ліквідацыі наступстваў злачынстваў.

3. (...) Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь акрамя хадайніцтваў аб памілаванні разглядае:
матэрыялы ў адносінах да асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання, якія не хадайнiчаюць аб памілаванні;
прадстаўленні Старшыні Вярхоўнага Суда альбо Генеральнага пракурора аб прымяненні памілавання да асоб, асуджаных да смяротнага пакарання.

7. Асобы, асуджаныя да смяротнага пакарання, могуць звярнуцца з хадайніцтвам аб памілаванні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на працягу дзесяці сутак з дня ўручэння ім копіі прысуду або касацыйнай пастановы. Калі асуджаны да смяротнага пакарання не падасць у названы тэрмін хадайніцтва аб памілаванні або заявіць аб сваім нежаданні звяртацца з такім хадайніцтвам, аб гэтым складаецца акт з захаваннем устаноўленых правілаў. Хадайніцтва або акт накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь не пазней трохдзённага тэрміну з дня прыёму хадайніцтва ад асуджанага або складання акта.

8. Хадайніцтвы аб памілаванні асуджаных, а таксама матэрыялы, названыя ў частцы трэцяй пункта 3 дадзенага Палажэння, да ўнясення на разгляд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь папярэдне разглядаюцца ў Камісіі па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей - Камісія).

9. Камісія зацвярджаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь на тэрмін яго паўнамоцтваў у складзе старшыні, двух намеснікаў старшыні і сяброў Камісіі. Камісія можа запрашаць на свае пасяджэнні прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі.

11. Хадайніцтвы аб памілаванні асоб, асуджаных да смяротнага пакарання, ці матэрыялы аб адмове гэтых асоб ад падачы хадайніцтваў аб памілаванні да ўнясення на разгляд Камісіі высылаюцца Вярхоўнаму Суду і Генеральнай пракуратуры, якія ў двухтыднёвы тэрмін прадстаўляюць заключэнні з выкладаннем зместу прынятых рашэнняў суда, абставінаў учыненых злачынстваў, дадзеных аб асобе асуджанага, а таксама свае прапановы па сутнасці кожнага хадайніцтва або матэрыялаў аб адмове ад падачы хадайніцтва.
Хадайніцтва аб памілаванні, у якіх утрымліваюцца спасылкі на неабгрунтаванасць асуджэння або парушэнне законнасці, якія маюць патрэбу ў праверцы, папярэдне накіроўваюцца ў органы пракуратуры і суды для праверкі ў парадку нагляду.

Рашэння аб памілаванні або аб адхіленні хадайніцтваў аб памілаванні асуджаных да смяротнага пакарання, а таксама памілаванні асуджаных да пажыццёвага зняволення, пазбаўлення волi або іншага больш мяккага пакарання прымаюцца ў форме указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Падрыхтоўка матэрыялаў да хадайніцтвах аб памілаванні для разгляду Камісіяй і Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а таксама кантроль за своечасовым выкананнем указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ўскладаюцца на аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

24. Інфармацыя аб рабоце Камісіі і рашэнні кіраўніка дзяржавы аб памілаванні асуджаных рэгулярна асвятляюцца ў сродках масавай інфармацыі.

Камісія па памілаванні

Актуальны склад Камісіі па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (у рэдакцыі ад 30.12.2011)

Міцкевіч Валерый Вацлававіч - намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (старшыня Камісіі)

Кісялёў Аляксандр Іванавіч - загадчык аддзела па пытаннях грамадзянства і памілавання адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (намеснік старшыні Камісіі)

Смірноў Яўген Аляксандравіч - старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўнаму будаўніцтву (намеснік старшыні Камісіі)

Баркоў Аляксандр Уладзіміравіч - намеснік дырэктара Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта

Рабцаў Леанід Міхайлавіч - суддзя Канстытуцыйнага Суда

Самасейка Мікалай Леанідавіч - старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях

Улашчык Уладзімір Сяргеевіч - галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі мадуляцыі функцый арганізма дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"
Чайчыц Віктар Іванавіч - старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў
У склад Камісіі ўваходзяць таксама Старшыня Вярхоўнага Суда, Генеральны пракурор, Міністр унутраных спраў, Міністр юстыцыі і Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У выпадку адсутнасці названых службовых асоб у рабоце Камісіі прымаюць удзел іх намеснікі.

Празрастасць працэдуры памілавання

Па законе да ўдзелу ў рабоце Камісіі па памілаванні могуць быць дапушчаныя прадстаўнікі СМІ і грамадскіх аб'яднанняў - РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" неаднаразова звярталася з такой просьбай, але ў яе задавальненні было адмоўлена.

Спасылкі па тэме:
Зварот у камісію па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Камісія па памілаванні засела ў строгай сакрэтнасці