Навіны аб прыняцці антыдыскрымінацыйнага закона

На петыцыю 1380 чалавек пра тое, што трэба прыняць спецыяльны антыдыскрымінацыйны закон, мы атрымалі адказ з Палаты прадстаўнікоў. Калі коратка: пытанне будзе вывучацца да канца 2019 года і раней за гэты тэрмін рашэнне не прымуць.
 
Беларускі Хельсінкскі Камітэт, які запусціў петыцыю, лічыць важным інфармаваць аб праблеме дзяржаўныя структуры і далей, каб садзейнічаць прыняццю антыдыскрымінацыйнага закона.
 
Бліжэйшыя планы Беларускага Хельсінкскага Камітэта такія:
 
Мы гатовыя бясплатна юрыдычна суправаджаць 20 кліентаў, якія падвергліся дыскрымінацыі. Справа павінна быць звязана з няроўным стаўленнем з-за наступных падстаў: пол, узрост, нацыянальная прыналежнасць, веравызнанне. Наша дапамога можа ўключаць наступнае: бясплатная прававая кансультацыя, падрыхтоўка працэсуальных дакументаў (скарг, іскавых заяў, экспертных заключэнняў "amicus curiae"), прыцягненне адваката для абароны парушанага права ў судах і вышэйстаячых судовых інстанцыях, падрыхтоўка зваротаў у міжнародныя арганізацыі (Камітэт ААН па правах чалавека, Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын), інфармацыйнае суправаджэнне. Гатовыя абмяркоўваць выезд у рэгіёны. Па дапамогу можна звярнуцца па электроннай пошце [email protected] з паметкай "дыскрымінацыя". Неабходна коратка апісаць абставіны справы, чаму вы лічыце, што гэта дыскрымінацыя.
 
Да верасня 2018 года мы плануем выпусціць настольную гульню аб дыскрымінацыі для старэйшых школьнікаў і студэнтаў. Крыху пазней распавядзем, хто і як зможа атрымаць гэтую гульню.
 
Таксама нагадаем, што кожны чалавек можа ўнесці свой уклад, каб дыскрымінацыі стала менш. Можна паспрабаваць быць больш уважлівым да іншых, навучыцца не выкарыстоўваць мову варожасці (выразы, якія могуць пакрыўдзіць каго-небудзь), навучыцца правільна паводзіць сябе з людзьмі з інваліднасцю.
 
Бізнэс можа ўвесці карпаратыўную палітыку роўнасці, якая прадугледжвае набор карпаратыўных правілаў і рашэнняў для процідзеяння дыскрымінацыі і стварэння роўных працоўных умоў; замацаваць асноўныя палажэнні карпаратыўнай палітыкі роўнасці ў калектыўным дагаворы; выбіраць у бізнес-партнёры кампаніі, у якіх працуе карпаратыўная палітыка роўнасці; далучыцца да Глабальнай дамовы ў Беларусі. Там, дзе гэта неабходна, пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем бізнэс можа выкарыстоўваць human rights based approach - г.зн. падыход да праектаў і да жыцця, заснаваны на правах чалавека.