ЦВК адхіліў прапановы праваабаронцаў. Разбор пазіцыі ЦВК

2.04.2016

15 сакавіка, пасля выніковага паседжання міжведамаснай экспертнай рабочай групы па вывучэнні рэкамендацый, зробленых БДІПЧ АБСЕ па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, Лідзія Ярмошына паведаміла БелаПАН, што група распрацавала свае прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу з улікам тых прапаноў, якія прадставіла кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары”. Аднак з паведамлення старшыні ЦВК, якое атрымалі праваабаронцы, гэтага не вынікае.

“Просім паведаміць аўтарам прапаноў, што іх меркаванне аб магчымасці імплементаваць многія рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ пры дапамозе тлумачэнняў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў не грунтуецца на заканадаўстве. Паўнамоцтвы Цэнтральнай камісіі як правапрымяняльнага органа, прадугледжаныя Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь, не дазваляюць ёй ўстанаўліваць або змяняць нормы выбарчага права, чаго патрабуе большасць рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ. Напрыклад, рэкамендацыя аб дэманстрацыі назіральнікам кожнага бюлетэня, прадастаўленні ім завераных копій выніковых пратаколаў і іншыя”, - гаворыцца ў адказе ЦВК, падпісаным Лідзіяй Ярмошынай.

Старшыня ЦВК у дадзеным выпадку прыводзіць тыя рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, якія, як указалі праваабаронцы ў сваіх прапановах, можна імплементаваць без унясення зменаў у Выбарчы кодэкс. Напрыклад, удасканаліць працэдуру падліку галасоў яны прапаноўвалі праз урэгуляванне ў дапаможніку для сябраў участковых выбарчых камісій, зацверджаным Пастановай ЦВК.

Эксперт кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч не пагаджаецца з тым, што гэтая прапанова пярэчыць Выбарчаму кодэксу, як сцвярджае Лідзія Ярмошына.

- Найперш, я б паправіў. Рэкамендацыя БДІПЧ была не пра “дэманстрацыю назіральнікам кожнага бюлетэня”, а пра дакладнае прапісанне працэдуры падліку галасоў: каб падлік вёўся адным сябрам камісіі і кожны бюлетэнь дэманстраваўся ўсім прысутным, і ў тым ліку назіральніку, канешне, - кажа Валянцін Стэфановіч. - У прынцыпе, гэта адна з асноўных рэкамендацый, як нашых, так і БДІПЧ, – датычная менавіта працэдуры падліку галасоў. Улічваючы, што Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае ніякага апісання ніякай працэдуры, мы лічым, што гэта рэкамендацыя якраз не пярэчыць Выбарчаму кодэксу. Калі б кодэкс прадугледжваў пэўную працэдуру, а мы б прапаноўвалі іншую – тады можна было б сказаць, што нашая прапанова пярэчыць заканадаўству.

Мала таго, паводле тых жа адказаў ЦВК, якія мы атрымлівалі ў тым ліку падчас папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў, працэдура падліку галасоў кожнай выбарчай камісіяй устанаўліваецца самастойна. Зыходзячы з гэтага, мы лічым, што Цэнтральная камісія можы прыняць пастанову, якая будзе рэкамендаваць тую ці іншую працэдуру падліку галасоў. Прапанаваная намі і БДІПЧ працэдура значна больш празрыстая за тую, што маем зараз. Тое ж датычыцца і копій выніковых пратаколаў участковых выбарчых камісій. Выбарчае заканадаўства не ўтрымлівае ніякіх нормаў, якія б забаранялі завярэнне такіх копій. І ў прынцыпе, пад самім словам “копія” разумеецца, што яна мусіць быць завераная, інакш гэта ўжо не копія.

Разам з тым праваабаронца адзначае непаслядоўнасць у падыходах Цэнтрвыбаркама:

- Я лічу, што Лідзія Міхайлаўна лукавіць, калі кажа, што Цэнтрвыбаркам не ўстанаўлівае ніякія новыя нормы Выбарчага кодэкса. Магу прыгадаць з практыкі папярэдніх выбараў такія выпадкі, калі Цэнтрвыбаркам у пастановах і метадычных рэкамендацыях якраз устанаўліваў такія нормы, якіх у Выбарчым кодэксе няма. Так, быў уведзены “памочнік сябра ініцыятыўнай групы”, які мог уносіць звесткі пра выбаршчыка ў падпісны ліст, хоць нормы Выбарчага кодэкса наўпрост гавораць: калі подпісы сабраныя не сябрамі ініцыятыўнай групы, такія падпісныя лісты прызнаюцца несапраўднымі. Таксама прыгадаю выпадкі, калі метадычнымі рэкамендацыямі прадугледжваліся так званыя рабочыя пратаколы выбарчай камісіі, куды ўносіліся дадзеныя раздзельнага падліку галасоў, і яны былі непублічныя для назіральнікаў. Але ж ніякіх “рабочых пратаколаў” Выбарчы кодэкс не прадугледжвае. Таму я лічу, што названыя намі працэдуры якраз маглі б быць урэгуляваныя. Але з адказу, які атрымалі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, вынікае, што межведамасная працоўная група не ўлічыла самыя асноўныя, датычныя працэдуры падліку галасоў прапановы – як нашыя, так і БДІПЧ АБСЕ.

Незадаволенасць праваабарончай кампаніі працай межведамаснай экспертнай групы падмацоўваецца і такой акалічнасцю як непразрыстасць.

- Праца межведамаснай групы мела закрыты, непразрысты характар. Дзе зараз можна азнаёміцца з выпрацаванымі ім зменамі працэдур? Нідзе. На сайце ЦВК іх няма. То бок атрымліваецца, што вынікі працы гэтай групы засакрэчаныя. І старшыня Цэнтрвыбаркама кажа агулам, называючы толькі сферы, у якіх “улічаныя” прапановы. А якія канкрэтна? Як я разумею, мы штосьці ўбачым толькі напачатку парламенцкіх выбараў – ужо ў выглядзе пастановаў ЦВК, - кажа суразмоўца. - Паўтаруся, лічу гэта лукаўствам. Бо былі рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, які сказаў, што ўрад мусіць іх улічыць. Урад сказаў, што гатовы іх улічыць. Але што яны ўлічылі – не кажуць. Хіба што ў БДІПЧ прадставяць свае напрацоўкі…

Валянцін Стэфановіч нагадвае, што эксперты кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ў сваіх прапановах для межведамаснай рабочай групы сфакусаваліся на тым, што можна ўрэгуляваць пастановамі ЦВК без унясення зменаў у Выбарчы кодэкс. Але гэта не азначае, што тут мусіць ставіцца кропка, падкрэслівае ён:

- Усе рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ мусяць быць унесены парламентам у выбарчае заканадаўства, Выбарчы кодэкс мусіць быць зменены. Калі ўжо яны лічаць, што працэдура падліку галасоў не можа быць урэгуляваная праз пастанову ЦВК, то атрымліваецца, што парламенцкія выбары пройдуць як звычайна, па тых працэдурах, якія мы ўжо неаднаразова назіралі і не прызнаем празрыстымі. У такім выпадку, пасля парламенцкай кампаніі перад парламентам мусіць ставіцца пытанне аб унясенні зменаў у Выбарчы кодэкс.

Нагадаем, міжведамасная экспертная рабочая група па разглядзе рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па пытаннях удасканалення выбарчага працэсу была створаная Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў ад 12 лютага 2016 года. Выніковае паседжанне групы адбылося 15 сакавіка. Як паведамляецца на сайце ЦВК, выпрацаваныя групай прапановы, якія не патрабуюць унясення зменаў у заканадаўства і могуць быць ажыццёўленыя падчас парламенцкіх выбараў у 2016 годзе, «накіраваныя на павышэнне адкрытасці фармавання выбарчых камісій, інфармаванасці грамадскасці пра вынікі разгляду скаргаў па выбарчых спрэчках, стварэнне ўмоў для ажыццяўлення назірання за выбарчымі працэдурамі», будуць прадстаўлены на разгляд кіраўніку дзяржавы.