Час вызвалення — цяпер! Маніфест з нагоды Дня палітвязняў

21.05.2025
logo

Свабоду ўсім палітзняволеным у Беларусі!

Мы, хто падпісаліся ніжэй, асцерагаемся, што на фоне бягучай сітуацыі ў свеце лёс палітычных зняволеных у Беларусі канчаткова знікне з поля зроку. Між тым катастрафічнае становішча прыблізна 1200 палітычных зняволеных патрабуе неадкладнага ўмяшальніцтва.

Мы вітаем распачаты ў 2024 годзе працэс вызвалення і заклікаем беларускія ўлады працягнуць працэс вызвалення палітзняволеных і пашырыць яго, забяспечыўшы вызваленне ўсіх, хто быў зняволены па палітычных матывах. Мы таксама заклікаем дэмакратычных палітыкаў выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты і механізмы, каб судзейнічаць вызваленню, у тым ліку шляхам дыпламатычных ініцыятыў і гуманітарных перамоваў.

Вызваленне палітычных зняволеных — гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і праяўленне чалавечнасці. Для вызваленых гэта значыць канец невымоўных пакутаў, вяртанне да родных — а ў некаторых выпадках нават ратаванне ад смерці, якая пагражае ім у зняволенні.

 

Нельга больш чакаць 

Па стане на сакавік 2025 года, у Беларусі больш за 2600 палітычных зняволеных цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю, каля 1200 чалавек застаюцца ў зняволенні па палітычных матывах, некаторыя — ужо пяць гадоў. Найменш восем чалавек памерлі ў зняволенні праз бесчалавечыя ўмовы. Больш за 200 зняволеных належаць да ўразлівых груп, дзясяткі знаходзяцца ў крытычным стане.

Справаздачы праваабарончых арганізацый і жахлівыя сведчанні сотняў былых палітзняволеных малююць карціну найжорсткіх умоў утрымання і мэтанакіраваных рэпрэсій: некаторыя вязні ўжо больш за два гады не маюць сувязі з роднымі і адвакатамі, медычная дапамога часта не аказваецца нават у экстраных выпадках, а ў дзясятках выпадкаў тэрміны зняволення былі адвольна працягнутыя. Кожны новы дзень у няволі ўяўляе непасрэдную пагрозу жыццю і здароўю зняволеных.

 

Вызваленні – магчымыя 

З 2024 года адбыўся шэраг памілаванняў і абменаў зняволенымі — у 2025 годзе гэты працэс працягнуўся. Агулам такім чынам былі вызваленыя больш за 300 палітвязняў да заканчэння іх тэрміну зняволення. Гэта даказвае: шляхі да вызвалення палітычных зняволеных існуюць!

Мы перакананыя, што вызваленне ўсіх, хто знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах, магчымае. Цяпер настаў момант разглядзець і паслядоўна задзейнічаць усе даступныя шляхі, якія спрыяюць іх вызваленню, у тым ліку гуманітарныя перамовы і дыпламатычныя ініцыятывы.

 

Вызваленні патрабуюць шырокай падтрымкі 

Усе гэтыя гады шматлікія люзі працуюць над тым, каб вызваленне палітычных зняволеных стала рэальнасцю — сярод іх былыя вязні, родныя палітзняволеных, праваабарончыя арганізацыі, актывісты і эксперты. Аднак для далейшага прасоўвання гэтага працэсу неабходная актыўная падтрымка міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, медыяў і палітыкаў.

У Беларусі існуе грамадская падтрымка ідэі вызвалення палітычных зняволеных: шматлікія грамадзяне перакананыя ў іх невінаватасці, лічуць неабходным вызваліць іх, асабліва тых, хто знаходзіцца ў самым уразлівым становішчы. Нават сярод прыхільнікаў цяперашняй улады пераважае меркаванне аб магчымасці вызвалення асуджаных па палітычных матывах.

 

Наш заклік да беларускіх уладаў і дэмакратычных урадаў 

Мы перакананыя, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных не толькі магчымае, але і абсалютна неабходнае. Гэта не толькі гуманітарны абавязак, але і важны крок да пераадолення найглыбейшага крызісу, які працягваецца ў Беларусі.

Мы заклікаем:

  • Беларускія ўлады – працягнуць і пашырыць працэс вызвалення, спыніць меры дыскрымінацыі палітычных зняволеных у месцах зняволення, у прыватнасці ў адказ на меры па адвакатаванні іх вызвалення, і забяспечыць шырокі доступ міжнародных назіральнікаў да зняволеных. Вызваленне палітзняволеных не павінна ставіцца ў залежнасць ад выканання прыніжальных умоваў, а наадварот павінна суправаджацца аднаўленнем іх правоў. Вызваленне палітзняволеных не павінна суправаджацца працягам рэпрэсій па палітычных матывах.
  • Дэмакратычныя ўрады – зрабіць вызваленне палітзняволеных прыярытэтам, узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі па гуманітарных пытаннях, звязаных з іх вызваленнем, і выкарыстоўваць усе магчымыя дыпламатычныя і гуманітарныя меры для дасягнення гэтай мэты.
  • Усе бакі – разглядзець усе шляхі для пачатку сапраўднага дыялогу пра вызваленне зняволеных.

Час сыходзіць. Кожны дзень, прыведзены ў няволі, пагаршае фізічнае і псіхалагічнае здароўе палітычных зняволеных. Ратаванне жыццяў патрабуе рашучых дзеянняў.

 

Нашы прынцыпы

  1. Людзі важней за ўсё
    Наш галоўны прыярытэт - ратаванне жыццяў. Палітычныя зняволеныя мусяць вярнуцца дамоў жывымі, а не паміраць у турмах. Іх чакаюць сем’і, іх чакаюць дзеці, іх чакаюць сябры. Кожны дзень чакання - гэта боль і страх за іх лёс. Неадкладныя меры па іх вызваленні павінны стаяць вышэй за кароткатэрміновыя палітычныя мэты.
  2. Не нашкодзіць палітзняволеным
    У адвакацыйнай і інфармацыйнай дзейнасці істотна дзейнічаць адказна і пазбягаць крокаў, якія могуць пагоршыць становішча палітычных зняволеных.
  3. Ніякіх саступак без вызвалення
    Любыя крокі насустрач беларускім уладам мусяць быць абумоўлены рэальнымі і вымяральнымі зменамі - у першую чаргу, вызваленнем палітычных зняволеных і змягчэннем рэпрэсіўных мераў. Заходнія палітыкі не павінны адмаўляцца ад сваіх рычагоў уплыву без адчувальных гуманітарных крокаў узамен.
  4. Канструктыўны дыялог і доўгатэрміновая стратэгія
    Перамовы павінны быць часткай доўгатэрміновай стратэгіі, якая вядзе да рэальных вынікаў. Наўпроставая камунікацыя палітычных і дыпламатычных структур неабходная для стварэння мінімальнага ўзроўню даверу, без якога немагчыма пераадолець беспрэцэдэнтны гуманітарны крызіс у Беларусі.
  5. Неадкладныя, паэтапныя дзеянні для пераадолення гуманітарнага крызісу
    Працэс вызвалення палітзняволеных ужо пачаўся, але ён не мусіць спыняцца на разрозненых выпадках памілавання. Неабходна, каб ён стаў прадметам рэальных перамоваў. Геапалітычная сітуацыя, якая хутка змяняецца, ясна паказвае, наколькі тэрмінова патрабуецца актыўнае дзеянне. Настаў час для паслядоўных крокаў, якія прывядуць да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі. 

Падпішыце маніфест на адмысловым сайце! Падпісваючы гэты маніфест, вы падтрымліваеце рэальныя крокі па вызваленні палітычных зняволеных у Беларусі.  

 

Час вызвалення — цяпер.

 

Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязняў “FreeBelarusPrisoners”;

Фонд 21 мая;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Respect-Protect-Fulfill;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Lawtrend;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

politzek.me

Лекары за праўду і справядлівасць;

TaskforceBelarus;

Free Belarus Center.