БХК і экстрэмісцкія матэрыялы. Рэкамендацыі па бяспецы

15.09.2024

Коратка: наш сайт і фэйсбук — цяпер экстрэмісцкія матэрыялы. Распавядаем, чым гэта пагражае карыстальнікам і што неабходна зрабіць.

 

Суд Чыгуначнага раёну Гомеля рашэннем ад 7 ліпеня 2024 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інтэрнэт-старонку ў сацыяльнай сетцы "Facebook" пад назваю "Беларускі Хельсінкскі Камітэт. Правы чалавека ў Беларусі" і ідэнтыфікатарам  https://www.facebook.com/belhelcom; а таксама інтэрнэт-сайт пад назваю "Беларускі Хельсінкскі Камітэт пад ідэнтыфікатарам https://www.belhelcom.org 

 

 

 

Адміністратыўны пераслед

Коратка: не захоўвайце і не перасылайце матэрыялаў нашага сайта, не лайкайце і не рэпосцьце  фэйсбук, прыбярыце старыя лайкі і рэпосты. Пазбудзьцеся  нашых друкаваных матэрыялаў. Інакш можаце атрымаць адміністратыўку. 

Захоўванне і распаўсюд матэрыялаў сайта і фэйсбука БХК, падпіска, лайкі і рэпосты можа пацягнуць адказнасць паводле арт 19.11 Кодэкса аб адміністратыўных парушэннях. 

 

Што такое распаўсюд і захоўванне

«‎Распаўсюдам матэрыялаў» можа лічыцца:

  • перасылка  нашых матэрыялаў у асабістых паведамленнях і групавых чатах;
  • устаўка гіперспасылак на публікацыі нагаша сайта і фэйсбука;
  • рэпост у сацыяльных сетках нашага фэйсбука і сайта; 

 

«‎Захоўваннем матэрыялаў» можа лічыцца:

  • падпіска на наш Фэйсбук;
  • наяўнасць у галерэі вашай прылады скрыншотаў нашых публікацый; 
  • наяўнасць у кэшы нашых матэрыялаў;
  • наяўнасць захаваных дакладаў і падобных матэрыялаў БХК, якія ўтрымліваюць спасылкі на наш сайт і фэйсбук (звычайна ўсе нашыя даклады ўтрымліваюць спасылкі на сайт).

 

Пакаранне

За згаданыя дзеянні вам можа пагражаць:

  • штраф ад 10 да 500 базавых велічыняў;

  • арышт да 15 сутак за кожны паасобны  «‎супрацьпраўны ўчынак» (напрыклад, за тры рэпосты вас могуць пакараць арыштам тры разы запар, разам на 45 сутак);

  • канфіскацыя «прылады правапарушэння» (напрыклад, тэлефона з якога быў зроблены рэпост).

Таксама калі на вашым інтэрнэт-рэсурсе знаходзяцца спасылкі на нашы публікацыі, яго могуць заблакаваць або прызнаць «экстрэмісцкім».

 

А што, калі проста чытаць?

Пакуль што "фармальна” не караецца чытанне нашага сайта і фэйсбука без падпіскі. Калі вы працягваеце нас чытаць, калі ласка, рэгулярна выконвайце рэкамендацыі з раздзела “Мінімізацыя рызык. Рэкамендацыі».

Таксама фармальна не караюцца: 

  • згадванне пра нас без прамых спасылак на наш сайт і фэйсбук;

  • захоўванне і распаўсюд нашых тэкстаў без прамых спасылак і ўказання нашага аўтарства (калі які-небудзь з іх, на думку ўладаў, не ўтрымлівае прыкмет іншых злачынстваў, напрыклад, «абразы прадстаўнікоў улады» або «распальвання варожасці»).

 

Мінімізацыя рызык. Рэкамендацыі

Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі ці плануеце наведваць Беларусь, просім вас выканаць наступныя дзеянні:

 

1.VPN + рэжым інкогніта!

Пры наведванні нашых рэсурсаў выкарыстоўвайце VPN і рэжым інкогніта ў браўзэры.

 

2.Дэвайсы

  • Ачысціце зараз жа і потым рэгулярна чысціце гісторыю браўзэра. На ўсіх дэвайсах! 
  • Праверце ўкладкі «‎захаванае», закладкі ў браўзэры на наяўнасць нашых публікацый і спасылак на нас.
  • Выдаліце скрыншоты нашых публікацый у альбомах і галерэях на прыладах. А таксама выдаліце ​​любыя файлы з кошыка выдаленых файлаў і з воблакавых сховішчаў, а таксама з кошыкаў воблакавых сховішчаў.

 

3.Сацсеткі, e-mail, блогі, сайты

  • Адпішыцеся ад фэйсбука БХК. Нагадваем, што чытаць нас у сацсетках можна, не падпісваючыся на іх. 
  • Не стаўце лайкі, каментары пад публікацыямі БХК у фэйсбуку. Не рабіце рэпостаў.
  • Праверце і выдаліце свае папярэднія лайкі, камэнтарыі і рэпосты нашых публікацый у фэйсбуку. 
  • Выдаліце ўсе рэпосты нашых фэйсбук-публікацый і гіпэрспасылкі на публікацыі сайта на сваіх старонкахпаведамленнях і асабістых перапісках са спасылкамі на нас, гіперспасылкі на нас у сваіх публікацыях і працах.
  • Калі ласка, не забудзьцеся пачысціць свой e-mail.

 

4.Офлайн

Калі ў вас дома ці ў офісе ёсць даклады, дакументы, лісты, бэйджы, што ўтрымліваюць спасылкі на сайт БХК, калі ласка, пазбаўцеся ад іх. 

 

5. Дапамажыце нам!

Нам вельмі складана дацягнуцца да ўсіх, хто быў падпісаны, лайкаў, каментаваў ці дзяліўся нашай інфармацыяй. Калі ласка, калі вы ведаеце людзей, якія могуць знаходзіцца пад пагрозай, раскажыце ім аб сітуацыі і аб нашай інструкцыі!

 

Пазіцыя БХК

Мы разглядаем гэта не інакш як адвольнае абмежаванне нашага права займацца праваабарончай дзейнасцю, у прыватнасці, права распаўсюджваць інфармацыю і веды аб правах чалавека і механізмах іх абароны. Гэтым жа рашэннем дзяржава абмяжоўвае і права нашых карыстальнікаў атрымліваць гэтыя інфармацыю і веды. 

Як адзначаецца ў Дэкларацыі аб праваабаронцах, кожны чалавек, індывідуальна і супольна з іншымі, мае права свабодна публікаваць, перадаваць або распаўсюджваць сярод іншых людзей меркаванні, інфармацыю і веды аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах, а кожная дзяржава павінна прымаць усе неабходныя меры для рэалізацыі гэтага права. 

Таксама нагадваем пра: 

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь: 

19-2. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк, ці праз мастацкія формы выражэння, ці іншымі спосабамі на свой выбар. 19/3. [Гэтае права можа быць абмежаванае толькі дзеля] a) павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; b) дзеля аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, аб стане навакольнага асяроддзя.