16 снежня пайшоў з жыцця праваабаронца, кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак. Яму было ўсяго 55 год.
Алег кіраваў праваабарончай арганізацыяй амаль пятнаццаць год. Калегі шанавалі яго як добрага перамоўцу і стваральніка доўгатэрміновых партнёрстваў. Алег актыўна развіваў узаемадзеянне паміж праваабаронцамі, грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай, міжнароднай супольнасцю.
Пакуль заставалася хаця б мінімальная прастора для супрацоўніцтва, Алег стараўся наладзіць кантакты з дзяржавай. Ён быў членам Рэспубліканскай камісіі па кантролі за выкананнем правоў асуджаных, Грамадска-кансультатыўнай рады пры Кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта, уваходзіў у Партнёрскую групу ўстойлівага развіцця. Пры гэтым кожны раз Алег выступаў як праваднік для менш прызнаных дзяржавай праваабаронцаў: напрыклад, дамагаўся запрашэнняў для калегаў з праваабарончага цэнтру “Вясна” падчас найбольш важных мерапрыемстваў.
У многім дзякуючы намаганням Алега стала магчымым прыняццё першага ў Беларусі Нацыянальнага плана па правах чалавека на 2016-2019 гады.
Пад кіраўніцтвам Алега Гулака Беларускі Хельсінкскі Камітэт у 2022 годзе першы і пакуль адзіны ў краіне атрымаў кансультатыўны статус пры ЭКАСАС ААН і ў цэлым у перыяд 2014-2019 гг. з'яўляўся ключавой арганізацыяй, якая забяспечвала ўзаемадзеянне паміж праваабарончай супольнасцю Беларусі і Сістэмай ААН у краіне. Алег быў ініцыятарам тэхнічных і экспертных кансультацый паміж дзяржаўнымі органамі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі па пытаннях узаемадзеяння з дагаворнымі органамі ААН па правах чалавека, удзелу краіны ў працэдуры Універсальнай перыядычнай справаздачы.
Алег - аўтар ідэі нацыянальнага індэкса правоў чалавека, у якім свае ацэнкі даюць не толькі спецыялісты ў галіне права і правоў чалавека, але і эксперты ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры. Такім чынам, правы чалавека робяцца больш аб'ёмнымі.
Алег укладваў шмат сіл, каб зрабіць правы чалавека каштоўнасцю і часткай паўсядзённых руцін не толькі для дзяржавы і праваабарончых арганізацый, але і для арганізацый, не звязаных наўпрост з праваабарончым парадкам дня.
Так, ён з'яўляўся ініцыятарам укаранення на розных узроўнях падыходу, заснаванага на правах чалавека, human rights based approach. Пры гэтым Алег адначасова аказваў экспертную падтрымку і невялікім медыям і НДА, і краінаваму офісу ААН.
Пад кіраўніцтвам Алега Беларускі Хельсінкскі Камітэт пачаў прасоўваць тэму бізнэс і правы чалавека ў Беларусі. Алег надаваў асаблівую ўвагу гэтай тэме ў кантэксце палітычнага крызісу і крызісу правоў чалавека ў 2020-2021 гадах; таму, як дзяржава спрабуе зрабіць бізнес суўдзельнікам у пытаннях парушэння правоў людзей.
Распрацаваны пры ўдзеле Алега гайдлайн дапамагае хутка разабрацца ў тэме "бізнэс і правы чалавека" і дае базавы інструментарый для ўкаранення належных падыходаў у бізнес-працэсах і дзяржаўным рэгуляванні. У 2018 годзе інфармацыя аб гайдлайне была апублікаваная на сайце МЗС, тэмай зацікавіўся банкаўскі сектар Беларусі, а вядомая кансультантка па PR з карпаратыўнага сектара назвала ўкараненне тэмы "бізнэс і правы чалавека" "сапраўдным прарывам у тэмах пра камунікацыю".
Алег - лаўрэат Франка-нямецкай прэміі "За правы чалавека і вяршэнства закона" (у 2016 годзе).
Калегі не проста паважаюць Алега, але і любяць яго. У гэтым тэксце яны папрасілі адзначыць: "Алег давярае камандзе, заўсёды прыслухоўваецца да меркавання іншых - працаваць з ім адно задавальненне!"; "з ім можна было абмеркаваць любыя жыццёвыя тэмы: ад таго, як правільна засаліць рыбу да дыскаграфіі Deep Purple".
У першыя гадзіны пасля смерці Алега журналісты даслалі нам вось такі ўспамін пра яго: “Мы з А. часта ўзгадваем 2013 год. Мы, тады яшчэ малыя зусім, увесь дзень працавалі на мерапрыемстве ў Вільні. Мы працавалі там анлайн, пакуль скончылі і сабраліся, на фуршэт дайшлі ўжо позна. Алег пайшоў нам шукаць паесці. Вярнуўся - у кожнай руцэ паміж пальцаў па 4 фужэры шампанскага, са словамі: "Закуску ўсю з'елі, але вось шампанскае знайшоў".
Развітанне са спадаром Алегам пройдзе ва ўніверсітэцкім касцёле Святых Іаанаў. Потым ён будзе крэміраваны, прах пахаваюць на радзіме, у Жылічах Магілёўскай вобласці.