Сучасная сітуацыя ў месцах пазбаўлення волі Рэспублікі Беларусь

“Ацэнка дасягненняў і праблемаў, перспектывы рэфармавання”

Даклад на гэтую тэму выйшаў у межах праекту “Прасоўванне культуры правоў чалавека ў пенітэнцыярнай сферы ў Республіцы Беларусь” пры садзеянні міжнароднай грамадскай арганізацыі “Пенал Рэформ Інтэрнэшнл”. У зборнік уключаныя матэрыялы розных аўтараў: прадстаўнікоў як навуковай супольнасці, так і грамадскіх арганізацыяў. Яны прадстаўляюць ацэнкі пенітэнцыярнай рэформы, рэалізаванай на Беларусі, з розных пазіцыяў: прафесійных і грамадскіх інтарэсаў.

 У другім раздзеле зборніка прадстаўлены аглядны даклад РПАА “Беларусі Хельсінкскі Камітэт” па сітуацыі з непаўналетнімі правапарушальнікамі. Гэтае даследванне было падрыхтаванае па выніках маніторынга, праведзенага ў 2007 годзе.

Зборнік прызваны прыцягнуць увагу да дасягненняў і праблемаў крымінальна-выканаўчай сістэмы Беларусі.

Матэрыялы выдання разлічаныя не толькі на спецыялістаў, але і на шырокае кола грамадзян, ад падтрымкі якіх залежыць далейшае прасоўванне рэформы ў Беларусі і ўвядзенне альтэрнатыўных пазбаўленню волі мераў пакарання.

Акрамя таго, у межах вышэйназванага праекта, падрыхтаваны даклад аб сучаснай сітуацыі ў месцах пазбаўлення волі ў Рэспубліцы Беларусь.

Прапанаваны даклад – першае незалежнае грамадскае даследванне па тэме захавання правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі ў Беларусі, якое дае магчымасць паглядзець на сістэму крымінальных пакаранняў “звонку”.

Дзеля таго, каб надаць даследванню сістэмны і практычны сэнс, у яго аснову былі пакладзеныя Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання з зняволенымі (МСП), прынятыя Генасамблеяй ААН у 1955 г., а таксама іншыя нарматыўныя дакументы міжнароднага права, прызнаныя ў Беларусі. Параўноўваючы міжнародныя прынцыпы і факты, прыведзеныя ў дакладзе, можна прасачыць, наколькі захоўваюцца ці не захоўваюцца гэтыя міжнародныя прынцыпы, і гэтак выявіць слабыя месцы ў заканадаўстве і праваўжывальнай практыцы.

Даклад змяшчае інфармацыю, атрыманую шляхам правядзення апытанняў сярод асуджаных, былых асуджаных, членаў іх сем’яў, адвакатаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У даследванні прынялі ўдзел 16 інтэрв’юэраў, якія правялі 95 інтэрв’ю з адзначанымі групамі насельніцтва. Таксама былі выкарыстаныя публікацыі ў СМІ Беларусі, якія датычылі заяўленай тэмы. Усё гэта дазволіла атрымаць агульнае ўяўленне аб практыцы абыходжання з зняволенымі і ўмовах утрымання ў месцах пазбаўлення волі.

Акрамя таго, быў праведзены скурпулёзны аналіз нацыянальнага заканадаўства на адпаведнасць яго міжнародным стандартам.

Вынікі і высновы даклада прадстаўленыя ў рэкамендацыях.