Супольная заява праваабарончай супольнасці Беларусі з нагоды смерці ў зняволенні мастака Алеся Пушкіна

12.07.2023

11 ліпеня 2023 года стала вядома, што палітзняволены беларускі мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі шпіталя. Паведамляецца, што ў выніку нясвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі ў яго развіўся перытаніт, быў септычны стан і паліорганная недастатковасць.

Алесь Пушкін быў асуджаны паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса (глумленне з дзяржаўных сімвалаў) і артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці або разладу) і атрымаў вырак – 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. У жніўні 2022 года адміністрацыя папраўчай установы змясціла палітзняволенага мастака на 5 месяцаў у памяшканне камернага тыпу. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суддзя Івацэвіцкага раёна Аляксандр Кірыловіч 11 лістапада 2022 года пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на 1,5 года турэмнага рэжыму. Неўзабаве палітвязня этапавалі ў турму № 1 у Гродне.

Падставай для крымінальнай справы, у прыватнасці, сталі мастацкія працы, размешчаныя на выставе, што праходзіла 19 сакавіка 2021 года ў незалежнай культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця». У партрэтах антысавецкіх партызан пракуратура пабачыла «рэабілітацыю нацызму».

Алесь Пушкін – вядомы беларускі мастак, лаўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча 2019 года за «Турэмны альбом». Ён больш чым 30 гадоў выступаў за абарону беларускай мовы і здзяйсняў акцыі за свабоду выказвання ў Беларусі.

Алесь Пушкін неаднаразова трапляў пад адміністрацыйны арышт за мастацкія акцыі, некалькі разоў падчас затрымання яго збівалі супрацоўнікі міліцыі.

Упершыню Алеся Пушкіна затрымалі ў 1988 годзе за ўдзел у мітынгу на Дзяды. З таго часу мастак неаднаразова затрымліваўся за свае акцыі і перформансы, у тым ліку за перформанс у падтрымку беларускай мовы.

25 сакавіка 1989 года Алесь Пушкін зладзіў першы перформанс у абарону беларускай мовы разам з іншымі студэнтамі Тэатральна-мастацкага інстытута. Тады яго асудзілі на 2 гады зняволення ўмоўна.

У 1999 годзе Алесь Пушкін быў асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі ўмоўна за акцыю-перформанс «Падзяка прэзідэнту». 21 ліпеня 1999 года, калі скончыўся тэрмін прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, мастак прыкаціў да будынка прэзідэнцкай рэзідэнцыі тачку гною, пафарбаваную ў чырвоны колер, у якой ляжалі беларускія рублі, партрэт Лукашэнкі, кайданкі і варыянт Канстытуцыі з папраўкамі 1996 года.

10 снежня 2000 года на Міжнародны дзень правоў чалавека Алесь Пушкін разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» зладзіў выставу непадцэнзурнага мастацтва «Не дазволена цэнзурай».

У 2012 годзе падчас 10-суткавага арышту ў Смаргоні Алесь Пушкін стварыў шэраг малюнкаў «Мастак за кратамі».

ales pushkin artist

Фота – з fb-старонкі мастака.

На цяперашні момант не вядомая афіцыйная прычына смерці і іншыя абставіныгэтай трагедыі. Але папярэдняя інфармацыя сведчыць, што смерць Алеся Пушкінамагла быць выклікана нясвоечасовым аказаннем належнай медыцынскай дапамогі.

У сувязі з чарговай смерцю палітычнага зняволенага ў Беларусі мы заяўляем  наступнае.

Пазбаўленне волі як пакаранне за законнае ажыццяўленне правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, разам з правам на свабоду думак і іх свабоднае выказванне (артыкул 19) з’яўляецца неправамерным.

Артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыццё з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека. У сваёй Заўвазе агульнага парадку № 36 (артыкул 6: права на жыццё) Камітэт па правах чалавека адзначыў, што права на жыццё мае вырашальнае значэнне як для асобаў, так і для грамадства агулам. Яно само па сабе з’яўляецца самым каштоўным правам, уласцівым кожнай асобе, а таксама ўяўляе сабой адно з асноўных правоў, эфектыўная абарона якога з’яўляецца неабходнай умовай для ажыццяўлення ўсіх іншых правоў чалавека і склад якога можа напаўняцца з дапамогай іншых правоў чалавека. Камітэт таксама зазначыў, што права на жыццё – гэта права, якое не падлягае вузкаму тлумачэнню. Размова ідзе пра права фізічных асобаў не зазнаваць дзеянні ці бяздзейнасць, якія маюць мэтай або меркавана могуць выклікаць ненатуральную ці заўчасную смерць асобы, а таксама пра права на належнае жыццё. Артыкул 6 Пакта гарантуе гэтае права ўсім людзям без выключэння, у тым ліку асобам, якія падазраюцца або асуджаны ў сувязі з нават найцяжэйшымі злачынствамі.

Мы адзначаем, што гэта ўжо не першы выпадак смерці ў месцах пазбаўлення волі. Кожны дзень тысячы зняволеных у турмах Беларусі пакутуюць ад неналежныхумоваў утрымання, у тым ліку ад парушэння канстытуцыйнага права на ахову здароўя. Больш за тое, у месцах пазбаўлення волі праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі штогод паміраюць вязні. Праваабаронцы рэгулярна паведамляюць пра адсутнасць належнага медыцынскага агляду, кваліфікаванага медыцынскага персаналу і пра неаказанне медыцынскай дапамогі. Утрыманне некаторых палітвязняў ва ўмовах incommunicado (без сувязі са сваякамі і адвакатамі) ставіць пад сумнеў здавальняльны стан іх здароўя і з’яўляецца недапушчальнай практыкай, што парушае правы чалавека.

Важна падкрэсліць, што адбыццё пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Апроч гэтага, мы адзначаем наяўнасць паведамленняў пра ўвядзенне ўказаннем Дэпартамента выканання пакаранняў ад 29 красавіка 2023 года абмежавання (а фактычна забароны) на перадачу медыцынскіх прэпаратаў асобам, змешчаным пад варту, за выключэннем вітамінаў і інсулінаў замежнай вытворчасці.

У сувязі з гэтым нагадваем, што, як гэта пазначана Камітэтам па правах чалавека ў Заўвазе № 36, дзяржавы-ўдзельніцы нясуць падвышанае абавязацельства клапаціцца пра прыняцце любых неабходных мераў для аховы жыцця асобаў, пазбаўленых волі дзяржавай, паколькі, арыштоўваючы асобаў, затрымліваючы, знявольваючы або іншым чынам пазбаўляючы іх волі, дзяржавы-ўдзельніцы бяруць на сябе адказнасць за клопат пра іх жыццё і фізічную недатыкальнасць, пры гэтым дзеля змяншэння такой адказнасці яны не могуць спасылацца на адсутнасць фінансавых сродкаў або на іншыя матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.

Мы канстатуем, што Рэспубліка Беларусь не выконвае сваіх абавязацельстваў, каб права на жыццё ў належнай ступені абаранялася законам і забяспечвалася на практыцы, што прыводзіць да такіх трагедый.

Частка беларускіх зняволеных, у тым ліку палітычных зняволеных, праз узрост і захворванні больш уразлівая. У беларускіх турмах знаходзіцца вялікая колькасць людзей з уразлівых сацыяльных груп, для іх зняволенне з’яўляецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для іншых. Станам на канец 2022 года сярод палітвязняў было не менш за 25 пенсіянераў, а таксама не менш чым 74 асобы з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. Самую сталую з палітвязняў – 75-гадовую Наталлю Таран – асудзілі на 3,5 года калоніі. Яна дагэтуль не выйшла на волю.

Мы таксама хочам падкрэсліць, што неаказанне медыцынскай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных вязняў, што з’яўляецца недапушчальным і можа разглядацца як катаванне або іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага або зняважлівага для годнасці абыходжання і пакарання.

На падставе выказанага, яшчэ раз падкрэсліваючы важнасць забеспячэння права чалавека на жыццё і здароўе, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заклікаем Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу на падставе факта смерці Алеся Пушкіна, правесці аб’ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для вызначэння прычын гэтай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць пра яго вынікі.

Мы таксама патрабуем правесці праверку з нагоды іншых выпадкаў парушэння ўмоваў утрымання і права на ахову здароўя ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку праверыць наяўнасць кваліфікаванага медыцынскага персаналу і адпаведнага абсталявання.

Мы таксама патрабуем ад супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыццяўляюць вымушаную ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА і інш.), і ад іх кіраўніцтва выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязацельстваў у забеспячэнні аховы жыцця і здароўя асобаў, якія пазбаўлены волі і знаходзяцца ў ізаляцыі.

Названыя патрабаванні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці наконт недапушчальнасці пераследу грамадзянаў за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызвалення і перагляду крымінальных справаў усіх палітзняволеных у Беларусі.

Беларуская праваабарончая супольнасць выказвае спачуванні сям’і, сябрам і беларускай творчай супольнасці ў сувязі са смерцю Алеся Пушкіна.

Беларускі ПЭН

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Lawtrend

Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Прававая ініцыятыва

Human Constanta

Публічная ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць»

Фонд медычнай салідарнасці Беларусі

Супольнасць медыкаў «Белыя халаты»

Беларуская асацыяцыя журналістаў

 

Да супольнай заявы далучыліся:
Грамадскае аб’яднанне «Экадом»
Беларуская нацыянальная платформа