Пра нас

РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” (БХК) – адна са старэйшых праваабарончых арганізацый у Беларусі. Працуе з 1995 года, сярод заснавальнікаў былі такія нацыянальныя лідары як: Васіль Быкаў, Святлана Алексіевіч (лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 2015 г.), Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін.

У фокусе ўвагі арганізацыі актуальныя пытанні правоў чалавека, у тым ліку: праваабарончыя механізмы і працэдуры, роўнасць і недыскрымінацыя, бізнэс і правы чалавека, маніторынг міліцыі як сэрвісу для грамадзян, смяротнае пакаранне, справядлівыя выбары. 

Мы ствараем грамадскі кантэкст, які дапамагае людзям, бізнэсу і дзяржаве зразумець, што пабудаваць камфортную для жыцця краіну можна толькі праз актыўны ўдзел і ўзаемадзеянне ўсіх інстытутаў і людзей, а правы чалавека – важны элемент, які спрыяе развіццю і чалавека, і эканомікі

Для нашых партнёраў і журналістаў мы падрыхтавалі візуальную айдэнтыку, якую можна выкарыстоўваць пры супрацы: 
Лагатып БХК

Гісторыя БХК

 

Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»* ( – БХК) абараняе правы чалавека ў Беларусі ўжо 20 год. БХК стварылі вядомыя грамадскія, палітычныя і культурныя дзеячы Беларусі. Ініцыятыўная група складала 52 чалавекі. Сярод іх – Святлана Алексіевіч, Васіль Быкаў (першы старшыня Назіральнага Сойма БХК), Рыгор Барадулін, Таццяна Процька, Лявон Баршчэўскі, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Юры Хадыка, Калас Шэрман, Мая Кляшторная, Сяргей Навумчык, Пётр Садоўскі, Ніна Стужынская, Уладзімір Конан, Валеры Філіпаў, Павел Шарамет, Жана Літвіна, Іван Саверчанка ды іншыя.

1 лістапада 1995 г. РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

Першым старшынёй БХК была абраная Таццяна Сяргееўна Процька, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, вядомая даследчы палітычных рэпрэсій у Беларусі. Пад яе кіраўніцтвам БХК робіцца аўтарытэтнай праваабарончай арганізацыяй.

Перыяд з 1995 па 2000 гг. у гісторыі БХК можна вызначыць як станаўленне арганізацыі: выпрацоўваюцца стратэгічныя падыходы і метады праваабароны. У Мінску і іншых гарадах налічвалася больш за 400 сяброў БХК. Арганізацыйныя структуры былі створаныя ў 12 рэгіёнах Беларусі. Усталяваліся партнёрскія сувязі з беларускімі і замежнымі грамадскімі арганізацыямі, атрымала развіццё ўзаемадзеянне з міжнароднымі інстытутамі па правах чалавека. У 1997 г. БХК робіцца членам Міжнароднай Хельсінкскай Федэрацыі па правах чалавека (International Helsinki Federation for Human Rights).

Юрысты БХК – у першую чаргу вядомы адвакат, намеснік старшыні БХК Гары Пятровіч Паганяйла, – у якасці грамадскіх абаронцаў актыўна ўдзельнічалі ў судовых працэсах, якія мелі вялікі грамадскі і палітычны рэзананс. БХК абараняў у судзе Паўла Шарамета, Васіля Старавойтава, Васіля Лявонава, Тамару Віннікаву, Міхаіла Чыгіра, Валерыя Шчукіна, Юрыя Бандажэўскага, Славаміра Адамовіча, Ірыну Макавецкую, Андрэя Клімава і іншых. Таксама юрысты БХК сур’ёзна займаліся праблемай зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага. Гары Пятровіч Паганяйла абараняў іх інтарэсы ў судзе, дамагаючыся поўнага і справядлівага расследавання злачынстваў у дачыненні да гэтых асоб.

У гэты ж перыяд развіваецца крытычна-канструктыўнае ўзаемадзеянне БХК з дзяржаўнымі структурамі. БХК дае прынцыповую ацэнку фактам сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека з боку службовых асоб і дзяржаўных органаў, прыцягвае да іх увагу беларускай і міжнароднай грамадскасці. У той жа час арганізацыя актыўна ўзаемадзейнічае з заканадаўчымі і правапрымяняльнымі органамі, у тым ліку з дэпутатамі парламента, Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь, Акадэміяй МУС, Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС, Міністэрствам адукацыі, судамі і органамі пракуратуры. Да справы прасоўвання правоў чалавека прыцягваюцца беларускія і замежныя эксперты. Пераймаецца вопыт дэмакратычных рэформ у еўрапейскіх дзяржавах.

Сябры БХК удзельнічалі ў працы місій Міжнароднай Хельсінкскай Федэрацыі, у прыватнасці, даследвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Прыднястроўі, на Паўночным Каўказе, у Таджыкістане, Узбекістане, Украіне.

З 2000 г. мы пачынаем рэгулярнае назіранне за правядзеннем выбараў прэзідэнта і дэпутатаў усіх узроўняў (з 2008 г. – сумесна з ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»).

З 2002 па 2005 гг. у краіне ўзмацніўся ціск на грамадзянскую супольнасць, няўрадавыя арганізацыі былі выціснутыя з легальнага поля. У 2003–2004 гг. адбылася маштабная зачыстка грамадзянскага сектара Беларусі, рашэннямі судоў зачыненыя і многія праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку ПЦ «Вясна», Незалежнае таварыства прававых даследаванняў. У 2004 г. падатковая інспекцыя налічыла БХК дадатковыя падаткі і штрафныя санкцыі. Па нашай скарзе Мінскі гарадскі гаспадарчы Суд прыняў рашэнне аб тым, што БХК не павінен плаціць дадаткова налічаныя падаткі. Крымінальная справа за ўхіленне ад выплаты падаткаў, была распачатая ДФР КДК супраць старшыні і бухгалтара БХК, спынілася з рэабілітуючых падстаў. Але ў снежні 2005 г., напярэдадні выбараў прэзідэнта 2006 г., Прэзідыум Вышэйшага Гаспадарчага Суда вынес новае рашэнне па справе, згодна з якім БХК зноў абавязвалася выплаціць падаткі і штраф. Аднак следчыя Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, праверыўшы гэтыя матэрыялы, пацвердзілі сваю пазіцыю, згодна з якой, у адпаведнасці з заканадаўствам БХК не павінен плаціць падаткі. Да сённяшняга дня існуюць два супрацьлеглыя афіцыйныя дакументы: паводле аднаго, БХК павінен заплаціць дадаткова налічаныя падаткі і штрафы, згодна з іншым, БХК правы, што іх не плаціць.

Выбарчая кампанія 2006 г. дае штуршок для актывізацыі беларускага грамадства, у тым ліку ў сферы абароны правоў чалавека. У каманду БХК таксама прыйшлі новыя сябры – маладыя і ініцыятыўныя людзі, што дазвалоліла арганізацыі адпавядаць патрабаванням часу.

У маі 2008 г. старшынёй БКХ быў абраны Алег Гулак, прафесійны юрыст, член арганізацыі з 1996 г.

Сёння ў Рэспубліканскай праваабарончай грамадскай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» больш за 250 чалавек, паўнамоцныя прадстаўнікі працуюць у 10 рэгіёнах. БХК удзельнічае ў міжнародных платформах (пералічыце, калі ласка, платформы).

БХК – самастойнае, незалежнае, некамерцыйнае грамадскае аб’яднанне. Для ўмацавання ў Беларусі вяршэнства закона і ўдасканалення правоў чалавека мы выкарыстоўваем розныя інструменты:

  • аналіз заканадаўства і выпрацоўка прапаноў па яго ўдасканаленні (Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Крымінальны кодэкс, працоўнае заканадаўства, законы аб сродках масавай інфармацыі, законы аб выбарах);
  • маніторынг выканання правоў чалавека згодна з Хельсінкскім Заключным Актам і дакументам, якія яго дапаўняюць;
  • грамадская прыёмная (абарона вернікаў розных канфесій, грамадзян, якія падпалі дыскрымінацыі за выкарыстанне беларускай мовы, удзельнікаў мірных маніфестацый, прадпрымальнікаў і сацыяльна неабароненых грамадзян, бежанцаў, зняволеных, у адносінах да якіх было здзейснена жорсткае дачыненне); асветніцкая работа па праблемах правоў чалавека (праваабарончыя семінары, навучальныя трэнінгі для юрыстаў, моладзевых актывістаў);
  • выданне спецыяльнай літаратуры.

За гады працы па дапамогу ў абароне сваіх правоў да нас звярнуліся тысячы грамадзян Беларусі. Кансультацыі, падрыхтоўка прававых дакументаў, падтрымка ў судовых працэсах многіх з гэтых людзей з’яўляюцца нашым важным унёскам у справу абароны правоў чалавека.

Экспертамі БХК падрыхтаваныя дзясяткі маніторынгаў, прававых экспертыз па праблемах, актуальных для грамадства.

Многае зроблена, але яшчэ больш трэба зрабіць. Таму мы шукаем новыя, актуальныя шляхі і спосабы прасоўвання правоў чалавека. Арганізацыя засвойвае працэсы стратэгічнага планавання, якія ўключаюць развіццё рэгіянальных структур. Распрацоўваюцца новыя падыходы і напрамкі, сярод якіх: роўнасць і недыскрымінацыя, бізнес і правы чалавека, абарона персанальных дадзеных, кіраванне, заснаванае на правах чалавека.

* Называецца па месцы падпісання 1 жніўня 1975 кіраўнікамі 33 дзяржаў найважнейшага дакумента – Заключнага Акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (вядомы таксама як Хельсінкскі Заключны Акт / Хельсінскія пагадненні / Хельсінкская дэкларацыя). Адметнай рысай гэтага акта было тое, што ў ім пытанні правоў чалавека ўпершыню на міжнародным узроўні былі прызнаныя такімі ж важнымі, як пытанні міжнароднай бяспекі і сусветнай эканомікі.

Каманда

Заснавальнікі

  • Святлана Алексіевіч

    Святлана Алексіевіч

    Пісьменніца, журналіст, першы беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры
  • Васіль Быкаў

    Васіль Быкаў

    Пісьменнік, першы старшыня Назіральнага Сойма БХК