Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў аналіз доступу грамадзян да Канстытуцыйнага правасуддзя ў зацікаўленыя органы

24.05.2018


Аналіз
быў накіраваны ў Канстытуцыйны і Вярхоўны Суды, Адміністрацыю Прэзідэнта, Савет Міністраў, Парламент і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

17 красавіка 2014 года ўступіў у сілу Закон «Аб канстытуцыйным судаводстве» (замяніў Закон «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь»). Ён замацаваў за Канстытуцыйным Судом новую кампетэнцыю па разглядзе спраў аб ліквідацыі недахопаў у нарматыўных прававых актах, выключэнні ў іх калізій і прававой недакладнасці. Права звяртацца ў Канстытуцыйны Суд па гэтай катэгорыі спраў упершыню атрымалі суб'екты, не названыя ў ч. 4 арт. 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: дзяржаўныя органы, iншыя арганiзацыi, а таксама грамадзяне і індывідуальныя прадпрымальнікі (ч. 1 арт. 158 Закона).

Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў 8 зваротаў па новых правілах. Пры разглядзе гэтых зваротаў як у самім законе, так і ў практыцы яго прымянення выявіліся праблемы, якія сур'ёзна зніжаюць эфектыўнасць канстытуцыйнага кантролю.

Акрамя таго мы вывучылі, наколькі даступна канстытуцыйнае правасуддзе для грамадзян у цэлым. Так, за апошнія 4 гады грамадзяне і арганізацыі накіравалі ва ўпаўнаважаныя органы 304 ініцыятыўныя звароты. Толькі адзін з іх быў накіраваны ў КС (Палатай прадстаўнікоў), што завяршылася прыняццем Заключэння КС ад 2014/06/12 г. № З-928/2014 «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 7 часткі 1 артыкула 29 і пункта 1 часткі 1 артыкула 303 Крымінальна-процессуального кодэкса Рэспублікі Беларусь».

За гэты ж перыяд непасрэдна ад грамадзян і арганізацый у КС паступіла 2709 зваротаў. На думку КС у 159 зваротах змяшчалася інфармацыя аб наяўнасці ў нарматыўна-прававых актах прабелаў, калізій і прававой недакладнасці, па якіх маглі быць распачатыя справы ў парадку главы 24 Закона. Аднак па іх прынята толькі 10 рашэнняў (або 6,2% ад агульнай колькасці такіх зваротаў).

Па выніках даследавання БХК прыйшоў да высновы, што ні адна з формаў доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя эфектыўна не працуе, а гэта значыць: грамадзяне пазбаўляюцца права на судовую абарону ў выпадку парушэнняў канстытуцыйных правоў і свабод, звязаных з недахопамі нарматыўных прававых актаў.

Для выпраўлення сітуацыі БХК прапанаваў шэраг рэкамендацый, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці канстытуцыйнага кантролю. Напрыклад, мы прапануем вырашыць пытанне аб праве грамадзян на наўпроставы зварот у КС аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, калі ім парушаюцца правы і свабоды грамадзяніна (прамы доступ да канстытуцыйнага правасуддзя).

 

Таксама глядзіце: Новая працэдура, прадугледжаная ў Законе "Аб канстытуцыйным судаводстве", дазваляе разглядаць у Канстытуцыйным Судзе звароты грамадзян, ІП і арганізацый, у якіх ставяцца праблемы наяўнасці ў нарматыўных прававых актах калізій, прабелаў і прававой недакладнасці. Мы падрыхтавалі практычны дапаможнік, якое дапамагае разабрацца ў нюансах гэтай працэдуры.