Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці звярнуліся да арганізацый Чырвонага Крыжа па пытанні дыскрымінацыі з боку генеральнага сакратара Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

21.11.2022

18 кастрычніка 2022 г. генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), доктар Дзмітрый Шаўцоў, у эфіры тэлеканала СТВ выказаўся адносна гендэрнай ідэнтычнасці і сексуальнай арыентацыі. Яго каментар утрымліваў дыскрымінацыйныя і стыгматызуючыя тэзісы, у прыватнасці, пра тое, што "нетрадыцыйныя адносіны паміж паламі з'яўляюцца "псіхічным захворваннем", якое "трэба лячыць".

Гэта, у першую чаргу, распаўсюджванне хлуслівай інфармацыі. СААЗ яшчэ ў 1990-м годзе выключыла гомасэксуальнасць са спісу хвароб. Акрамя таго, гэта відавочная дыскрымінацыя ўразлівых груп і ЛГБТК+ людзей. Сказанае таксама з'яўляецца яскравым прыкладам сістэмнай дыскрымінатыўнай рыторыкі беларускай дзяржавы.

Усведамляючы гэта, а таксама разумеючы несумяшчальнасць паводзін генеральнага сакратара БТЧК з прынцыпамі арганізацыі - гуманнасцю, нейтральнасцю, бесстароннасцю і незалежнасцю, - эксперты Беларускага Хельсінкскага Камітэта і Беларускага фонду медыцынскай салідарнасці накіравалі лісты ў розныя інстытуты Чырвонага Крыжа.

Звароты былі адпраўлены Генеральнаму Сакратару Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), Кіраўніку Місіі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Рэспубліцы Беларусь, Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, Міжнароднаму Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама Прэзідэнту Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа.

У лістах асаблівы акцэнт быў зроблены на неабходнасць Чырвонаму Крыжу прытрымлівацца як устаноўчых дакументаў арганізацыі і яе місіі, гэтак і міжнародных дакументаў па правах чалавека. Праваабаронцы таксама заклікалі публічна асудзіць выказванні Дзмітрыя Шаўцова і ўказаць на недапушчальнасць падобных дыскрымінуючых выказванняў на любым узроўні ў далейшым.

Мы чакаем, што гэтыя звароты прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да высокага ўзроўню дыскрымінацыі ў Рэспубліцы Беларусь і будуць спрыяць прадухіленню такіх сітуацый.

Тэксты зваротаў