Выбары ва ўмовах пандэміі: прапановы праваабаронцаў

29.04.2020

Удзельнікі незалежнай кампаніі па назіранні за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" накіравалі 29 красавіка ў Цэнтрвыбаркам, Палату прадстаўнікоў і Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусі шэраг важных прапаноў па правядзенні прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня гэтага года.

Праваабаронцы канстатантавалі наяўнасць патэнцыйнай небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян ва ўсіх працэдурах выбарчага працэсу, якія прадугледжваюць кантакт людзей, а тым больш, знаходжанне людзей у адным месцы як у памяшканні, так і на адкрытым паветры. Яны мяркуюць, што ўспрыманне гэтай небяспекі будзе перашкодай для свабоднага ўдзелу грамадзян і палітычных суб'ектаў у выбарчым працэсе, прывядзе да зніжэння легітымнасці выбараў і можа стаць сур'ёзным бар'ерам для рэалізацыі найважнейшых правоў выбаршчыкаў і актыўных удзельнікаў выбарчага працэсу.

На падставе гэтага праваабаронцы прапанавалі зацікаўленым органам заканадаўчай і выканаўчай улады Беларусі распрацаваць і прыняць комплекс заканадаўчых і арганізацыйных мер, якія забяспечаць бяспечнае ажыццяўленне ўсіх без выключэння выбарчых правоў грамадзян без іх непрапарцыйнага абмежавання ва ўмовах пандэміі і кампенсуюць суразмерныя абмежаванні прадастаўленнем новых магчымасцяў, адначасова выказваючы гатоўнасць прыняць удзел у выпрацоўцы такіх мер.

Так, акрамя ўсяго іншага, "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прапанавалі дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў унесці ў Выбарчы кодэкс змены ў артыкулы, якія бы амацоўвалі магчымасць і парадак дачы згоды выбаршчыкам аб вылучэнні асобы кандыдатам у прэзідэнты, акрамя непасрэднага афармлення ў падпісным лісце ў прысутнасці члена ініцыятыўнай групы, таксама і шляхам дыстанцыйнага выказвання такой згоды, а менавіта: па пошце, па электроннай пошце, з дапамогай службы кароткіх паведамленняў аператараў мабільнай сувязі, з дапамогай электроннай перадачы выявы запоўненага падпіснога ліста. Таксама праваабаронцы прапанавалі змяніць парадак праверкі подпісаў, пададзеных у падтрымку кандыдата.

Цэнтрвыбаркаму "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прапанавалі, акрамя ўсяго іншага, пры распрацоўцы і прыняцці пастаноў, якія рэгулююць асобныя этапы выбарчага працэсу, улічваць небяспекі распаўсюджвання COVID-19. 

Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь праваабаронцы прапанавалі забяспечыць магчымасць разгляду выбарчых спрэчак з дапамогай укаранення элементаў электроннага судаводства.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары" звярнулі ўвагу, што правядзенне свабодных і справядлівых выбараў звязана з імплементацыяй у выбарчае заканадаўства рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ, тым больш, што большасць такіх рэкамендацый можа быць рэалізавана праз пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Мы выкарыстоўваем cookies, каб палепшыць ваш карыстальніцкі вопыт. Гэта функцыянальныя, аналітычныя і іншыя cookies. Больш інфармацыі тут.

This website uses cookies to give visitors the best possible experience. This includes functionality, analysis and other cookies, more about this here.