Накіравалі ў Спецыяльныя працэдуры ААН паведамленне па пытаннях прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў на свабоду асацыяцый і мірных сходаў

20.02.2023
Беларускі Хельсінкскі Камітэт сумесна з ПЦ "Вясна", "Прававой ініцыятывай", Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў і "Lawtrend" падрыхтавалі паведамленне на тэму прыцягнення да крымінальнай адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў на свабоду асацыяцый і мірных сходаў. Паведамленно было накіравана ў рамках прызыву Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі. Мы расказалі пра тое, што правы на свабоду асацыяцый і мірных сходаў абароненыя крымінальным заканадаўствам. Нягледзячы на гэта, мы ўказалі на масавае парушэнне гэтых правоў, у тым ліку сур'ёзныя парушэнні, і адсутнасць рэакцыі ўладаў у выглядзе прыцягнення да адказнасці вінаватых. У прыватнасці, мы падзяліліся інфармацыяй пра 777 арганізацый, якія сутыкнуліся з прымусовай ліквідацыяй; пра ня менш як 60 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія апынуліся ў зняволенні, дзе яны пастаянна падвяргаюцца ціску; пра непрапарцыйнае выкарыстанне сілы на мірных пратэстах 2020 года, што пацягнула за сабой смерці ўдзельнікаў; пра масавыя затрыманні і катаванні. Мы падкрэслілі, што ў Беларусі ёсць механізмы, якія дазваляюць прыцягнуць да адказнасці і атрымаць матэрыяльную кампенсацыю, і ўказалі на іх неэфектыўнасць і абсалютную залежнасць ад выканаўчай і прэзідэнцкай улады. У той жа час, у паведамленні адлюстраваная і пазітыўная практыка ў пытанні прыцягнення да адказнасці: практыка прымянення механізма ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве, стварэнне і работа Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці, лабіраванне запуску расследавання Міжнародным крымінальным судом.  

Мы выкарыстоўваем cookies, каб палепшыць ваш карыстальніцкі вопыт.

This site uses cookies to offer you a better browsing experience. Clicking on more information