Нашым прыкладам адвакатам закрылі раты. Частка 2.

Тэкст – Аліна Радачынская

Тамара Сідарэнка абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева па справе “аб масавых беспарадках”. У 2011 годзе яе адвакацкую ліцэнзію не працягнулі.

Частка 1.

Частка 2.

Я назіраю, што цяпер адвакаты практычна не ідуць на кантакт з журналістамі. Ці, на Вашую думку, гэта звязана з вашай гісторыяй?

Выпадкі з намі выдатна закрылі раты адвакатам. Шмат хто зрабіў выснову, что не варта нічога публічна казаць, каб гэта не было негатыўна ацэнена. Бо мы літаральна з 20-х лічбаў снежня былі пад жорсткім даглядам міністэрства юстыцыі. Я асабіста, і мне вядома, што іншыя калегі таксама пісалі тлумачэння: нехта сабраў падборку нашых інтэрв’ю, з яе былі зробленыя тэндэнцыйныя высновы. Быццам адвакаты абмаўляюць, хлусяць. Да прыкладу, як можна так казаць, не маючы на руках медыцынскай карткі (маюца на ўвазе паведамленні пра дрэнны стан здароўя арыштаваных).

Ці гэта не адбіваецца адмоўна на выніках іх працы? Ці можа адвакат абмяжоўвацца выкананнем сваіх функцыяў выключна ў судовым працэсе?

Злоўжываць нічым нельга, але калі пэўная сітуацыя патрабуе ўмяшальніцтва грамадскасці... А сітуацый такіх, на жаль, шмат, то чаму адвакат не можа агучыць у карэктнай форме нейкую праблему ў СМІ? Гэта таксама можа быць абаронай. Мы ж у прэсу звярталіся ў тым ліку і таму, што не было рэакцыі тых органаў, якія мусілі рэагаваць. Паўсюль адвакат - публічная прафесія. Ёсць межы, але пра пэўныя рэчы маўчаць неправільна.

Публічнасць можа быць прафілактыкай парушэнняў заканадаўства?

Натуральна, агалошванне пэўнай праблемы можа быць значна не толькі для канкрэтнага падабароннага. Яна дазваляе папярэдзіць падобныя парушэнні ў дачыненні да многіх.

 

Даведка. Тамара Сідарэнка працавала ў адвакатуры з 1978 года. Неаднаразова заахвочвалася Міністэрствам юстыцыі (апошні раз 14 снежня 2010) і Прэзідыўмамі Мінскай гарадской і Рэспубліканскай калегій адвакатаў. За ўвесь перыяд адвакацкай дзейнасці дысцыплінарных спагнанняў не мела.

Сідарэнка абараняла апазіцыйнага актывіста А. Кіма ў рамках "справы чатырнаццаці" (2008 г.) і У.Асіпенка ў рамках справы Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў (2010 г.). На стадыі папярэдняга расследавання і разгляду ў судзе крымінальнай справы аб падзеях 19 снежня 2010 Т. Сідарэнка абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты У. Някляева. Пасля пазбаўлення ліцэнзіі адваката А. Агеева яна таксама абараняла іншага экс-кандыдата - А.Міхалевіча.

29 снежня 2010 г. Міністэрства юстыцыі накіравала ў Прэзідыум Мінскай гарадской калегіі прадстаўленне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці Т. Сідарэнка і яшчэ 4 адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў крымінальнай справы па падзеях на Плошчы.
Падставай для прадстаўлення міністэрства стала інтэрв'ю Т. Сідарэнка ў СМІ, у якім было сказана пра тое, што яна ўжо некалькі дзён запар не можа патрапіць у СІЗА КДБ да свайго падабароннага У. Някляева, нягледзячы на наяўны дазвол следчага.

У красавіку Т. Сідарэнка разам з шэрагам іншых адвакатаў, якія працавалі па справе 19 снежня, падвергнулася праверкам з боку Мінюста. У выніку праверкі ў яе былі выяўленыя асобныя фармальныя тэхнічныя парушэнні пры вядзенні справаздачнасці, на падставе чаго Т. Сідарэнка вынеслі другое прадпісанне.

29 снежня 2010 г. Міністэрства юстыцыі накіравала ў Прэзідыум Мінскай гарадской калегіі прадстаўленне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці Т. Сідарэнка і яшчэ 4 адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў крымінальнай справы па падзеях на Плошчы.

31 жніўня 2011 г. калегія Мінюста зацвердзіла рашэнне кваліфікацыйнай камісіі аб спыненні дзеяння ліцэнзіі Сідарэнка.

Тамара Сідарэнка абскардзіла пазбаўленне яе ліцэнзіі ў судзе. Суд Маскоўскага раёна Мінска 28 кастрычніка адхіліў скаргу Сідарэнка на пастанову калегіі Мінюста.

12 студзеня 2012 г. калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуда не задаволіла касацыйную скаргу Сідарэнка на пастанову суда Маскоўскага раёна.

Ілюстрацыя:met-tattoo.ru