Нашым прыкладам адвакатам закрылі раты

Тэкст – Аліна Радачынская

Тамара Сідарэнка абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты Ўладзіміра Някляева па справе “аб масавых беспарадках”. У 2011 годзе яе адвакацкую ліцэнзію не працягнулі.

Частка 1.

 Чаму калегі не сталі на Вашу абарону? Як выглядае сітуацыя ўнутры адвакацкай супольнасці?

Спачуванне канкрэтных людзей я атрымала ў поўнай ступені. І прэзідыум мінскай гарадской калегіі адвакатаў (А.Р.: далей - прэзідыум) аб’ектыўна адрэагаваў на першае прадстаўленне Міністэрства юстыцыі, зробленае па факце аднаго з маіх інтэрвью, якое пазней прывяло да прадпісання. Яно стала адной з двух нагодаў прызнаць, што я нешта там парушыла, і спыніць дзеянне маёй ліцэнзіі. Прэзідыум тады не знайшоў ў маіх дзеяннях ніякіх парушэнняў. Гэта было ў студзені 2011. І падзеі былі няўцямныя і дастаткова трывожныя.

У жніўні, калі гэтае пытанне канчаткова вырашалася на калегіі міністэрства юстыцыі, прэзідыум хадайнічаў аб працягу дзеяння маёй ліцэнзіі. То бок, спроба адстойваць мой інтарэс у межах закону і дзейнасці прэзідыума ўсё ж была.

Магчыма, тое, што адбывалася, неабходна было абагульняць і даводзіць да ведама калегаў. Міжнародная супольнасць абураная тым, што былі неправамерна звольненыя адвакаты, але лепей было б чуць гэта ад маіх калегаў. У нас такая праца, асабіста я не магу адсачыць усё, што адбываецца ў іншых кансультацыях: па часе, ды і аддалена, мяне ж ніхто не інфармуе. Прэзідыя магла б выконваць гэтую функцыю. Вось адзінае, у чым я магла б папракнуць гарадскую калегію. Ну, і ў тым, што зараз ніякай рэакцыі няма, ніхто не падсумаваў, колькі ж адвакатаў было звольнена.

На жаль, у мяне вялікая крыўда на рэспубліканскую калегію: яна не палічыла неабходным нават удацца ў лёс тых асобаў, кім яна кіруе. Асабіста са мной напярэдадні галасавання і не паспрабавалі паразмаўляць. Я пісьмова прасіла пра хадайніцтва перад міністэрствам юстыцыі аб працягу маёй ліцэнзіі з улікам маёй шматгадовай прадуктыўнай працы. Не палічылі патрэбным адказаць. Нават напісаць “мы не бачым падставаў для хадайніцтва”.

Але калі нават вышэйшы орган самакіравання не абараняе сваіх чальцоў, адвакатам практычна немагчыма захоўваць сваю незалежнасць. Як мы дайшлі да такога становішча ў адвакатуры?

Мне “знізу” складана ацэньваць тое, што адбываецца “ўверсе”. Але на паверхні тое, што з часу абрання новага старшыні прэзідыума мінскай гарадской калегіі, пачалася пэўная канфрантацыя з рэспубліканскай калегіяй. Калі прэзідыя дастаткова цвёрда адрэагавала на падзеі 2010 году, рэспубліканская калегія адвакатаў пачала казаць, што гэта неправільна. Было нейкае прадузятае стаўленне да мінскай гарадской калегіі і яе кіраўніцтва. І, я мяркую, залішніх прыгодаў на сваю галаву наш рэспубліканскі орган не жадаў. Магчыма, такая дальнабачная палітыка - лічыць, што міністэрства юстыцыі ва ўсім мае рацыю.

Ілюстрацыя:met-tattoo.ru