Зварот БХК у Вярхоўны Суд аб прымяненні смяротнага пакарання ў дачыненні да Канавалава і Кавалёва

РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт" падрыхтаваў зварот у парадку працэдуры «amicus curiae» на імя Старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы адносна пакараных да смяротнага пакарання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Праваабаронцы просяць В. Сукала ўнесці пратэст на рашэнне суда аб прымяненні выключнай меры пакарання ў дачыненні да Канавалава і Кавалёва. Паколькі справа, разгледжаная Вярхоўным судом, не падлягае касацыйнаму абскарджанню, то толькі ў Старшыні ёсць права запатрабаваць справу і апратэставаць яе рашэнне. У сваім звароце  БХК* спасылаецца на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога з'яўляецца Беларусь. Пакт заклікае краіны да абмежавання ўжывання і наступнай адмены смяротнага пакарання як выключнай меры пакарання.

«Жыццё чалавека з'яўляецца самым каштоўным дабром, права на яго з'яўляецца натуральным і прыналежным, атрыманым чалавекам з моманту яго нараджэння. Пры пазбаўленні чалавека жыцця ўсё яго іншыя натуральныя правы губляюць сэнс, паколькі знікае іх носьбіт. Пры разглядзе крымінальных справаў аб злачынствах, за здзяйсненне якіх прадугледжана прымяненне смяротнага пакарання асабліва важна, каб не было ні найменшага сумневу ў законнасці і абгрунтаванасці прынятых рашэнняў», - гаворыцца ў звароце.

 

Фота: delfi.ua

Поўная статутная назва РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт". Тут і ў іншых тэкстах - таксама БХК і Беларускі Хельсінкскі Камітэт.