Заява ў сувязі з крымінальным пераследам адваката Аляксандра Данілевіча

26.01.2023

Аляксандр Данілевіч быў затрыманы 20 мая 2022 года і з гэтага моманту знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У чэрвені 2022 года Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся да Спецыяльных дакладчыкаў па пытанні незалежнасці суддзяў і адвакатаў і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ААН з інфармацыяй пра шматлікія факты пераследу адвакатаў у Беларусі, у тым ліку пра затрыманне Данілевіча. 28 чэрвеня 2022 года кааліцыяй беларускіх праваабарончых арганізацый адвакат быў прызнаны палітычным зняволеным.

10 студзеня 2023 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да адваката А. Данілевіча. Адвакату прад'яўлена канчатковае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.6 арт.16 і ч.3 арт.361 (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый)), ч.1 арт.361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) КК Рэспублікі Беларусь.

У віну А. Данілевічу, паводле паведамлення следчых органаў, ставіцца тое, што ён, "нягледзячы на наяўнасць вышэйшай юрыдычнай адукацыі і практыкі ў прававой сферы, вырашыў аказаць падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму. Скаапераваўшыся з прадстаўнікамі дэструктыўных ячэек, Герасіменей і Апейкіным, актыўна раіў і садзейнічаў працэсам фарміравання публічных заклікаў экстрэмістаў да прычынення шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь .... Адным з яскравых прыкладаў злачыннай дзейнасці Данілевіча з'яўляецца падрыхтоўка лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara", якая з'яўляецца надзейным буйным пакупніком прадукцыі ААТ "Беларуськалій" - калійных угнаенняў. У сваіх "лістах" ён выклаў заведама ілжывыя звесткі пра палітычную, эканамічную і сацыяльную сітуацыі ў Беларусі. Усю сваю дэструктыўную дзейнасць "адвакат", рэалізоўваў не самастойна, а прыкрываўся так званымі "страйкавымі камітэтамі". Напаследак, у спробе атрымаць грамадскае прызнанне ў шэрагах экстрэмістаў, у сакавіку мінулага года Данілевіч адкрыта размаўляў з экстрэмісцкімі рэсурсамі для стварэння дэструктыўнай інфармацыйнай павесткі".

Такая падача інфармацыі з боку дзяржавы з'яўляецца найгрубейшым парушэннем прэзумпцыі невінаватасці А.Данілевіча. Як асоба, якая абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства, А.Данілевіч мае права лічыцца невінаватым, пакуль вінаватасць яго не будзе даказаная згодна з законам (п. 2 арт.14 Пакта). Пры гэтым у парушэнне прэзумпцыі невінаватасці Следчы камітэт у сцвярджальнай форме заяўляе пра здзяйсненне А.Данілевічам нейкіх супрацьпраўных дзеянняў. Таксама, зыходзячы з інфармацыі Следчага камітэта, А.Данілевіч абвінавачваецца ў прадстаўленні інтарэсаў кліентаў, у сваёй прафесійнай дзейнасці, што забаронена міжнароднымі стандартамі юрыдычнай прафесіі.

Міжнародныя стандарты ў галіне ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці выцякаюць і грунтуюцца на абсалютным праве кожнай асобы на незалежны і справядлівы суд. Гэтае права замацаванае ў арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966, удзельніцай якога з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.

Асноўныя прынцыпы, якія датычацца ролі юрыстаў (далей – Асноўныя прынцыпы) у п. 16 устанаўліваюць абавязак Урада забяспечыць, каб юрысты: а) маглі выконваць усе свае прафесійныя абавязкі ў абставінах, свабодных ад пагроз, перашкод, запалохвання або неапраўданага ўмяшання; і с) не падвяргаліся судоваму пераследу і судовым, адміністрацыйным, эканамічным або іншым санкцыям за любыя дзеянні, здзейсненыя ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, нормамі і этыкай, а таксама пагрозам такога пераследу і санкцый.

У дадзеным стандарце асабліва адзначаецца, што юрысты не атаясамліваюцца са сваімі кліентамі ці інтарэсамі сваіх кліентаў у выніку выканання імі сваіх функцый (п.18).

Тымі ж Асноўнымі прынцыпамі прэзюміруецца, што юрысты павінны карыстацца грамадзянскім і крымінальным імунітэтам у дачыненні да адпаведных заяў, зробленых добрасумленна ў выглядзе пісьмовых прадстаўленняў у суд або вусных выступленняў у судзе або ў ходзе выканання імі сваіх прафесійных абавязкаў у судзе, трыбунале або іншым юрыдычным або адміністрацыйным органе (п.20). Урады ж абавязаны прызнаваць і забяспечваць канфідэнцыйны характар любых зносін і кансультацый паміж юрыстамі і іх кліентамі ў рамках іх прафесійных адносін (п.22 Асноўных прынцыпаў).

Апроч таго, важна адзначыць, што інкрымінаваныя А. Данілевічу падрыхтоўка лістоў і дакументаў у адрас нарвежскай кампаніі "Yara" як "яскравы прыклад злачыннай дзейнасці" з'яўляецца законным дзеяннем у рамках аказання юрыдычнай дапамогі, бо яно было накіраванае на заклік кампаніі "Yara" да трымання стандартаў па бізнесе і правах чалавека і сваіх абавязкаў у гэтай сферы, замацаваных ў Кіруючых прынцыпах прадпрымальніцкай дзейнасці ў аспекце правоў чалавека ААН 2011 і карпаратыўных палітыках самой кампаніі.

У сваю чаргу Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, як і тэрытарыяльныя калегіі, цалкам ігнаруе тое, што адбываецца, і ніякіх захадаў па абароне адвакатуры ў цэлым і асобных адвакатаў не прадпрымае. Пры гэтым, як адзначана ў Прэамбуле Асноўных прынцыпаў, прафесійным асацыяцыям юрыстаў адводзіцца асноватворная роля ў забеспячэнні захавання прафесійных нормаў і этыкі ў абароне сваіх чальцоў ад пераследу і неправамерных абмежаванняў і замахаў.

Адной з функцый прафесійных асацыяцый юрыстаў з'яўляецца прадстаўленне інтарэсаў адвакатаў і абарона іх прафесійных інтарэсаў, супрацоўніцтва з урадамі з мэтай забеспячэння магчымасці юрыстам без неправамернага ўмяшання кансультаваць і аказваць дапамогу кліентам у адпаведнасці з законам і прызнанымі прафесійнымі стандартамі і этычнымі нормамі (п.24 Асноўных прынцыпаў). Беларуская ж адвакатура не толькі не абараняе сваіх чальцоў, але і садзейнічае пераследу адвакатаў шляхам неабгрунтаваных праверак, выключэнняў, прыцягненню да дысцыплінарнай адказнасці.

Вышэйназваныя абставіны сведчаць не толькі пра сур'ёзныя праблемы ў сферы аказання юрыдычнай (адвакацкай) дапамогі, у праве на абарону і юрыдычную дапамогу, але і пра немагчымасць існавання ў такіх умовах незалежнага і справядлівага суду ў цэлым. Пераслед адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць як з боку дзяржаўных органаў, так і з боку калегій адвакатаў стварае атмасферу запалохвання і недаверу ў адвакацкай супольнасці і аказвае "ахаладжальны эфект" на тых адвакатаў, хто яшчэ працуе ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.

У сувязі з гэтым, мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, патрабуем ад беларускіх уладаў выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязкі ў сфэры правоў чалавека, і:

  • неадкладна спыніць крымінальны пераслед Аляксандра Данілевіча і вызваліць яго з-пад варты;
  • спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў, якія добрасумленна выконваюць свае прафесійныя абавязкі;
  • спыніць практыку пераследу адвакатаў за абарону палітычных апанентаў і за выказванні адвакатамі меркавання па пытаннях, якія маюць грамадскае значэнне;
  • паважаць і забяспечваць права кожнага быць прадстаўленым кампетэнтным і незалежным адвакатам;
  • спыніць практыку фарміравання ілжывага ўспрымання вінаватасці асоб, якія прыцягваюцца да адказнасці, да набыцця адпаведнымі прысудамі моцы.

Таксама мы патрабуем ад Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў і тэрытарыяльных калегій адвакатаў няўхільнага выканання сваіх функцый па абароне адвакацкай прафесіі, стварэння належных умоў для дзейнасці адвакатаў, прынцыпова рэагаваць на ўсе выпадкі ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатаў.

Мы заклікаем міжнародныя асацыяцыі адвакатаў, іншыя недзяржаўныя арганізацыі розных краін свету, міжнародныя інстытуцыі працягваць праяўляць салідарнасць з беларускімі адвакатамі, якія падвяргаюцца пераследу за добрасумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.

Права на Абарону
Human Constanta
Беларускі Хельсінкскі Камітэт
Праваабарончы цэнтр "Вясна"