СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ПРАЦЭДУРЫ АРГАНІЗАЦЫІ АБ'ЯДНАНЫХ НАЦЫЙ І СПРАВА УЛАДЗІМІРА МАЦКЕВІЧА

12.02.2022

Эксперты Беларускага Хельсінкскага Камітэта паведамілі пра справу Уладзіміра Мацкевіча ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях, Спецыяльным дакладчыкам ААН па пытанні аб праве кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень здароўя, па свабодзе выказвання меркавання і па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Нагадаем, што вядомы філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч, знаходзячыся ў зняволенні, дзявяты дзень (па стане на 12.02.22) трымае галадоўку, каб дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў. Сярод патрабаванняў – перадача справы ў суд.

У выпадку невыканання патрабаванняў 65-гадовы Мацкевіч збіраецца перайсці на сухую галадоўку (не прымаць нават ваду).

Мы папрасілі спецыяльных дакладчыкаў прыняць тэрміновыя меры па гэтай справе, паколькі цвёрды намер Уладзіміра пачаць сухую галадоўку і трымаць яе да выканання яго патрабаванняў з улікам узросту можа мець незваротныя наступствы для яго жыцця і здароўя

На прыкладзе справы Мацкевіча мы звярнулі ўвагу спецыяльных працэдур на распаўсюджаную ў Беларусі практыку трымаць пад вартай максімальна працяглы час без правядзення следчых дзеянняў людзей, якія абвінавачваюцца па палітычна матываваных справах. Мы расцэньваем гэта як адну з формаў ціску і прымусу людзей да адмовы ад рэалізацыі сваіх правоў, ад грамадскай або палітычнай актыўнасці.

Нагадаем, што з 4 жніўня 2021 года вядомы філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч знаходзіцца пад арыштам. Яго абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Сам Уладзімір Мацкевіч заяўляе, што яго пераследуюць за яго думкі.

4 лютага заканчваецца чарговы тэрмін расследавання па справе Уладзіміра Мацкевіча і зноў чакаецца падаўжэнне тэрміну ўтрымання пад вартай. Гэтыя абставіны вымушаюць Уладзіміра Мацкевіча на крайні крок – ён аб'яўляе галадоўку.

Яго патрабаванні:

- Змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

- Завяршыць следчыя дзеянні і перадаць справу ў суд.

- Прызначыць дату судовага разбіральніцтва.

Уладзімір Мацкевіч адмовіўся ад ежы з 4 лютага і да выканання патрабаванняў.

Першыя дзесяць дзён – гэта будзе галадоўка на вадзе.

У выпадку невыканання патрабаванняў, па заканчэнні 10 дзён, Уладзімір Мацкевіч збіраецца перайсці да сухой галадоўкі.