Папраўкі ў КПК. Замацуюць права сведкі па крымінальных справах карыстацца паслугамі адваката

19.04.2017
КПК дапоўняць артыкулам, па якім кожны сведка зможа мець права на юрыдычную дапамогу. Зараз гэта права замацавана толькі ў Канстытуцыі і яго часта ігнаруюць.
 
Вясной 2015 года Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Канстытуцыйны суд з пытаннем аб неабходнасці ліквідацыі прававога прабелу і замацавання ў заканадаўстве краіны права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу.
 
Гэтая пазіцыя была пачутая, і 2 ліпеня 2015 года Канстытуцыйны Суд вынес рашэнне, у якім прапанаваў Савету Міністраў падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Цяпер стала вядома, што Савет міністраў унёс праект закона ў парламент.
 
Зварот БХК у Канстытуцыйны суд быў зроблены ў межах новай працэдуры, прадугледжанай у Законе "Аб канстытуцыйным судаводстве", што дазваляе разглядаць у Канстытуцыйным Судзе звароты грамадзян, ІП і арганізацый, у якіх ставяцца праблемы наяўнасці ў нарматыўных прававых актах калізій, прабелаў і прававой недакладнасці. Мы падрыхтавалі практычны дапаможнік, што дапамагае разабрацца ў нюансах гэтай працэдуры