Накіравалі ва УВКПЧ ААН інфармацыю пра доступ да вакцынацыі ад COVID-19 у Беларусі

13.10.2022

Эксперты Беларускага Хельсінскага Камітэта разам з Фондам медычнай салідарнасці Беларусі накіравалі ва Упраўленне Вярхоўнага Камісара ААН па правах чалавека інфармацыю, запытаную ў сувязі з абвяшчэннем закліка да арганізацый грамадзянскай супольнасці ва ўсім свеце даць інфармацыю для падрыхтоўкі Вярхоўным камісарам тэматычнага даклада, прадугледжанага Рэзалюцыяй 49/25 Рады ААН па правах чалавека, “аб наступствах і перадавых практыках для правоў чалавека, а таксама ключавых праблемах пры забяспечэнні своечасовага, справядлівага і ўсеагульнага доступа да якасных, бяспечных, эфектыўных і недарагіх вакцын супраць COVID-19 і іх распаўсюду сярод людзей, а таксама аб уплыве забеспячэння такога доступа да вакцынацыі на права кожнага чалавека на найвышэйшы дасягальны ўзровень фізічнага і псіхічнага здароўя”.

У накіраваным дакладзе, акрамя агульнай інфармацыі пра роўны і бясплатны доступ да вакцынацыі ў Беларусі, былі прыведзеныя дадзеныя пра прымусовую вакцынацыю на некаторых дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах. Было падкрэслена, што доступ да вакцынацыі, хоць і быў бясплатным і роўным, але толькі датычна пэўных вакцын, такіх як расійская вакцына Спутник V і кітайская — Vero Cell. У дакладзе асветлены падыход уладаў да вакцынацыі супраць COVID-19, у правытнасці, пра адмову далучыцца да міжнароднай ініцыятывы COVAX, скіраванай на забеспячэнне роўнага доступа да прызнаных САЗ вакцын супраць COVID-19. Наступствамі адмовы прыняць мэтавую дапамогу Еўрапейскага саюза ў межах праграмы Усходняга партнёрства ў забеспячэнні бясплатнымі заходнімі вакцынамі стала немагчымасць для чалавека выбраць вакцыну. Акрамя таго, праз тое, што САЗ не ўхваліла самую распаўсюджаную на беларускім рынку вакцыну Спутник V, грамадзяне Беларусі былі абмежаваныя ў свабодзе перамяшчэння. У тым ліку, былі пазбаўленыя магчымасці наведваць краіны Еўрапейскага Саюза.

У дакладзе адзначана, што дзяржава не прыняла патрэбных мер, каб забяспечыць справядлівы і ўсеагульны доступ да вакцынацыі супраць COVID-19 для ўразлівых груп насельніцтва, такіх як людзі сталага ўзросту, людзі з інваліднасцю, людзі без вызначанага месца жыхарства, людзі, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі і г.д.

Гэтаксама ў дакладзе падкрэслены той факт, што доступ да інфармацыі пра вакцынацыю быў абмежаваным, бо ў асноўным быў сканцэнтраваны ў сеціве Інтэрнэт. Такі выбарачны доступ да інфармацыі цягне за сабой узмацненне лічбавай няроўнасці і ёсць парушэннем права на інфармацыю і права на здароўе, асабліва асоб, якія жывуць у аддаленых мясцовасцях, людзей сталага веку, людзей з інваліднасцю і людзей, якія жывуць па-за мяжой беднасці.

У дакладзе адлюстраваныя ключавыя праблемы ў забеспячэнні своечасовага, справядлівага і ўсеагульнага доступа да якасных, бяспечных, эфектыўных і недарагіх вакцын супраць COVID-19 і іх распаўсюду сярод людзей, такія, як: недавер да ўладаў і іх рашэнняў, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года; недавер да афіцыйнай статыстыкі па распаўсюды каронавіруса і колькасці вакцынаваных; агульная недасведчанасць пра каронавірус і боязь вакцынацыі; пытанне эфектыўнасці і бяспекі прапанаваных вакцын; адсутнасць выбару паміж рознымі вакцынамі; адсутнасць доступа да інфармацыі пра вакцынацыі ў розных груп насельніцтва.

Разам з тым ў дакладзе, дасланым ва УВКПЧ, паказаныя і прыклады станоўчай практыкі з боку дзяржавы, у прыватнасці, вызначэнне чарговасці вакцынацыі і першаснае прадастаўленне яе медыцынскаму персаналу і настаўнікам; магчымасць выклікаць медыцынскую брыгаду ў аддаленую мясцовасць для хатняй вакцынацыі і наогул мажлівасць хатняй вакцынацыі; пункты вакцынацыі ў крамах, паліклініках, РНПЦ, гандлёвых цэнтрах, пунктах здароўя на прадпрыемствах, тэрыятарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у метро і г.д.

Мы чакаем, што дадзеная інфармацыя знойдзе адлюстраванне ў выніковай справаздачы Вярхоўнага камісара па правах чалавека, у якой краінам, у тым ліку Беларусі, прапануюць рэкамендацыі па выпраўленні знойдзеных заганаў у галіне забеспячэння роўнага і эфектыўнага доступа да вакцынацыі супраць COVID-19.