Прамежкавы даклад Нацыянальнай праваабарончай кааліцыі аб выкананні Рэспублікай Беларусь рэкамендацый Камітэта па правах чалавека / follow-up report

Праваабаронцы накіравалі ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) прамежкавы дaклад  аб выкананні Рэкамендацый Камітэта Рэспублікі Беларусь, выкладзеных ім у Заключных заўвагах па пятым перыядычным дакладзе Беларусі аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (Пакт).

Справаздачу падрыхтавала кааліцыя праваабарончых арганізацый Беларусі, якая ўдзельнічала ў прадстаўленні Альтэрнатыўнай справаздачы ў КПЧ у рамках разгляду пятага перыядычнага дакладу. Пад каардынацыяй Беларускага Хельсінкскага Камітэта над справаздачай працавалі, у прыватнасці, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Прававая ініцыятыва.

У дакладзе прадстаўленая інфармацыя аб рэалізацыі Рэспублікай Беларусь шэрагу рэкамендацый, вызначаных Камітэтам у якасці прыярытэтных, і ў дачыненні да якіх Камітэт прасіў дзяржаву прадставіць інфармацыю аб наступных мерах: аб выкананні заўваг у адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам і прымяненні часовых мер абароны; аб смяротным пакаранні; аб захаванні права на свабоду мірных сходаў.

Эксперты праваабарончых арганізацый абагульнілі прынятыя ўладамі заканадаўчыя і практычныя меры ў пералічаных сферах і зрабілі выснову не толькі аб адсутнасці прагрэсу ў выкананні рэкамендацый дзяржаве з моманту разгляду пятага перыядычнага дакладу (лістапад 2018 года), але і аб здзяйсненні дзяржавай маштабных па колькасці і характары парушэнняў грамадзянскіх і палітычных правоў.

Так, аўтары дакладу адзначаюць, што Беларусь па-ранейшаму адмаўляецца супрацоўнічаць з Камітэтам у частцы выканання яго перакананняў і запытаў аб прымяненні часовых мер абароны, у тым ліку аб прыпыненні выканання смяротных прысудаў да завяршэння разгляду Камітэтам індывідуальных паведамленняў аб парушэннях Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Даклад таксама не фіксуе пазітыўных змен у справе выканання дзяржавай рэкамендацый аб імкненні да адмены смяротнага пакарання. Аўтары адзначаюць, што рыторыка беларускіх уладаў скіраваная на ўзмацненне грамадзкай падтрымкі гэтай меры пакарання, а заканадаўчыя змены, якія пашыраюць сферу яе прымянення, могуць прывесці да павелічэння колькасці выпадкаў вынясення смяротных прысудаў і да далейшага застрашвання грамадства.

Адносна крокаў, прынятых дзяржавай з мэтай забеспячэння магчымасці паўнавартаснага карыстання правам на свабоду мірных сходаў, аўтары аналізуюць шырокі пералік заканадаўчых зменаў, якія дадаткова звужаюць і так абмежаваныя магчымасці рэалізацыі гэтага права. У прыватнасці, у дакладзе пералічаныя змены заканадаўства, якія рэгулююць парадак правядзення масавых мерапрыемстваў і робяць фактычную рэалізацыю гэтага права надзвычай ускладненай або недаступнай, а таксама нівелююць яго сэнс; змены ў адміністрацыйным і крымінальным заканадаўстве, якія ўводзяць новыя і робяць больш жорсткімі існуючыя пакаранні за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў; змены, якія пашыраюць магчымасць прымянення заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму.

Даклад таксама апісвае практыку разгонаў уладай мірных сходаў у 2020 годзе і затрымання іх удзельнікаў, уключаючы прадстаўнікоў СМІ. Асобна адзначаюцца выпадкі забойства ўдзельнікаў сходаў, а таксама шырокая практыка прымянення катаванняў да мірных дэманстрантаў. Аўтары звяртаюць увагу на адсутнасць расследавання шматлікіх паведамленняў аб катаваннях і смерцях удзельнікаў мірных сходаў.

Эксперты асобна канстатуюць адсутнасць намераў дзяржавы супрацоўнічаць з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі, звяртаючы ўвагу на нядаўнюю заяву  Беларусі аб дэнансацыі Факультатыўнага пратакола да Пакту і адпаведныя крокі па змяненні заканадаўства.

Згодна з Правіламі працэдуры Камітэта, з мэтай разгляду інфармацыі аб наступных мерах дзяржавы па рэалізацыі заўваг, якім Камітэт прапануе надаць першачарговую ўвагу, Камітэт можа прызначыць дакладчыка па наступных мерах. Вынікі аналізу даклада аб наступных мерах могуць быць прадстаўленыя Камітэту, які прымае рашэнне аб адпаведнасці і дастатковасці прынятых мер рэкамендацыям Камітэта і інфармуе аб іх дзяржаву. Камітэт разглядзіць даклад Рэспублікі Беларусь і інфармацыю ад праваабарончых арганізацый на сваёй вясновай сесіі, якая пройдзе 27 лютага – 24 сакавіка 2023 года.