Экспертнае заключэнне па "справе 14-ці"

Экспертнае заключэнне па "справе 14-ці" было перададзена ў суд 08.12.2008. У міжнароднай юрыдычнай практыцы з'яўляецца шырока распаўсюджанай падобная экспертная дзейнасць, названая "amicus curiae", з лац. "сябра суду". Яна выкарыстоўваецца як інструмент удасканалення прававой сістэмы. Такога кшталту даследаванні праваабарончых арганізацыяў праводзяцца не ў інтарэсах працэсуальнага боку, а як магчымасць выказаць незалежнае меркаванне аўтараў з глыбокай павагай і прызнаннем высокага аўтарытэту і незалежнасці суду.

ЗАКЛЮЧЭННЕ

(незалежная грамадская юрыдычная экспертыза)

Згодна са Статутам РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" (далей - БХК) з'яўляецца незалежным, некамерцыйным праваабарончым грамадскім аб'яднаннем, зарэгістраваным Міністэрствам юстыцыі 1 лістапада 1995 (быў перарэгістраваны Рашэннем ад 08.05.2007 № 82, пасведчанне аб рэгістрацыі № 01867). Мэта БХК - абарона ў Рэспубліцы Беларусь правоў чалавека, якія гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дзейсным заканадаўствам, а таксама дэклараванымі Хельсінкскімі пагадненнямі, іншымі міжнароднымі дамовамі аб правах чалавека ў Беларусі і свеце.

Дадзеная незалежная грамадская юрыдычная экспертыза была праведзеная па рашэнні Рады РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" (далей БХК) ад 20 лістапада 2008 года на падставе абзаца 2 п. 2.4. Статута БХК (у рэд. Ад 08.05.2007 года) і служыць мэтам абароны публічнага інтарэсу. У міжнароднай практыцы гэтая дзейнасць ("amicus curiae", з лац. - "сябра суду") выкарыстоўваецца як інструмент для ўдасканалення прававой сістэмы. Такога кшталту даследаванні праваабарончых арганізацыяў праводзяцца не ў інтарэсах працэсуальнага боку, а як магчымасць выказаць незалежнае меркаванне аўтараў з глыбокай павагай і прызнаннем высокага аўтарытэту і незалежнасці суду. Прадметам даследавання з'яўляецца судовая практыка па крымінальных справах па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Нагодай і падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы паслужылі факты масавых акцыяў індывідуальных прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года, якія пратэставалі супраць уваходжання ў сілу Загада Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 760 ад 29.12.2006 года. Па пазначаных справах да крымінальнай адказнасці былі прыцягнутыя 14 чалавек, 13 з якіх былі асуджаныя.

Намі былі вывучаныя прысуды ды іншыя матэрыялы па абвінавачанні А.І. Кіма, М.У.Пашкевіча, М.Ю. Крывова, У.П. Сяргеева, А.У. Койпіша, Т.С. Цішкевіч, А.У.Стральцова, А.М. Бондара, А.С. Дубскага, А.І. Чарнышова, а таксама М.А. Субача, П.Ю. Вінаградава, М.У. Дашука, справаздачы назіральнікаў БХК, якія праводзілі назіранне за правядзеннем дадзеных мерапрыемстваў.

Названыя асобы прызнаныя вінаватымі і былі асуджаныя ў адпаведнасці з санкцыяй ч.1 342 арт. КК за актыўны ўдзел ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і спалучаным з імі відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнуўшым кароткачасовае парушэнне працы транспарта, а А.І.Кім і ў гвалце ў дачыненні працаўніка міліцыі ў мэтах перашкаджэння яго законнай дзейнасці.

Разгляд справы ў дачыненні А. Баразенкі, аднаго з удзельнікаў акцыі, было прызначана на 8 снежня 2008 года ў судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска.

На падставе вывучаных матэрыялаў лічым неабходным паведаміць наступнае.

1. Арганізатарамі акцыі выступілі індывідуальныя прадпрымальнікі, якія пратэставалі супраць уваходжання ў сілу з 1 студзеня 2008 года нормы Загада № 760 аб найманні працаўнікоў толькі з ліку членаў сям'і і блізкіх сваякоў. Увядзенне дадзенай нормы закранала іх эканамічныя інтарэсы і значна пагаршала магчымасці ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці. Свой пратэст супраць дзеянняў Ураду ўдзельнікі акцыі выказалі ў форме дэманстрацыі і мітынгу. Гэта з'яўляецца па сэнсе ч.2 арт. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей Пакт) рэалізацыяй права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Шляхам сходу на Кастрычніцкай плошчы яны патрабавалі выхаду да іх прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта з мэтай правесці перамовы і данесці сваю пазіцыю па гэтай грамадска значнай праблеме да кіраўніцтва краіны. Затым удзельнікі акцыі, не дамогшыся сустрэчы са службоўцамі, рушылі да Дому Ўраду на плошчу Незалежнасці для сустрэчы з чальцамі Савета Міністраў з мэтай перадачы петыцыі са сваімі патрабаваннямі. Падчас акцыі прадпрымальнікі і грамадзяне, якія далучыліся да іх, выказвалі эканамічныя і палітычныя патрабаванні, скандавалі лозунгі, жадаючы прыцягнуць увагу да сваіх патрабаванняў. З гэтай мэтай кароткачасова быў перапынены рух транспарту па праспекце Незалежнасці ў раёне Кастрычніцкай плошчы і Дома Ўраду. Пры гэтым дэманстранты прапускалі машыны хуткай дапамогі ды іншых спецыяльных службаў.

У акцыі ўзяло ўдзел ад 3 да 5 тысяч чалавек. Дзеянні і лозунгі дэманстрантаў мелі мірны характар.

З відэа- ды фотаматэрыялаў, што былі прадстаўленыя суду, паказанняў сведкаў, а таксама са справаздачаў назіральнікаў РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", якія прысутнічалі на акцыі 10 студзеня 2008 г., бачна, што ў дзеяннях па перакрыцці праспекта Незалежнасці ў раёне Кастрычніцкай плошчы і Плошчы Незалежнасці і руху па праезднай частцы ўдзельнічалі звыш за сотню чалавек. Акцыя цягнулася з 13 гадзін 30 хвілін да 17 гадзін 10 хвілін, а агульны час затрымкі руху транспарту, згодна з дадзенымі УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, склала каля 151 хвіліны. Пасля чаго акцыя была разагнаная супрацоўнікамі сіл спецыяльнага прызначэння. Некаторыя ўдзельнікі былі затрыманыя, дастаўленыя ў аддзяленні міліцыі і пазней прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства альбо пікетавання).

2. Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь - унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава (арт. 1). Вышэйшай каштоўнасцю дзяржавы з'яўляецца забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзянаў (арт. 21). У якасці асновы канстытуцыйнага ладу абвяшчаюцца: плюралізм палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў (арт. 4); прынцыпы вяршэнства права (арт.7); прызнанне аўтарытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права (арт. 8) і інш.

Паводле ч. 4 арт. 1 КПК міжнародныя дамовы Рэспублікі Беларусь, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, у крымінальным працэсе ўжываюцца нараўне з нормамі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года (далей - Пакт) замацавалі права на свабоднае выказванне свайго меркавання і права на мірныя сходы. Карыстанне гэтымі правамі не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва альбо абароны правоў і свабодаў іншых асобаў. Далучыўшыся да Пакта, Беларусь узяла на сябе абавязкі выконваць і забяспечваць усе замацаваныя ў ім правы. Пазначаныя норма Пакта імплементаваная ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь (арт.арт. 33, 35). Артыкул 23 Канстытуцыі усталёўвае рамкі абмежавання правоў і свабодаў асобы, якія з'яўляюцца дапушчальнымі толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў.

Важна адзначыць, што свабода выказвання меркавання і свабода мірных сходаў непасрэдна звязаныя з правам на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных справаў (арт. 25 Пакта і арт. 37 Канстытуцыі) і складае аснову так званых палітычных правоў.

Наяўнасць умоваў для іх паўнавартаснай рэалізацыі з'яўляецца важнай гарантыяй існавання дэмакратычнага грамадства. Ужывальныя абмежаванні канстытуцыйных правоў грамадзянаў павінны адпавядаць прынцыпу мінімальнай неабходнасці і не выходзіць за межы разумнасці і мэтазгоднасці ў дэмакратычным грамадстве. Незахаванне дадзеных прынцыпаў, адсутнасць неабходнага баланса можа прывесці да выпустошвання самой існасці гарантаваных Канстытуцыйных правоў.

Улады абавязаныя адшукаць баланс паміж захаваннем правоў, якія ўступаюць у супярэчнасць, - важнага права на свабоду сходаў і правамі іншых людзей, якія жывуць, працуюць, робяць пакупкі, займаюцца гандлем і бізнэсам у зоне правядзення сходу.

Да прыкладу, у справе Юджын Шмідбергер, Intenationale Transporte і Planzuge супраць Аўстрыйскай рэспублікі (2003 г.) Еўрапейскі суд пастанавіў, што рашэнне аб дазволе правядзення дэманстрацыяў, якая блакавала шашу Брэнэр паміж Германіяй і Італіяй амаль на 30 гадзін, не з'яўлялася несуразмерным абмежаванню свабоды перасоўвання тавараў, прадугледжанай Артыкулам 28 Дамовы аб ЕС. У абгрунтаванне было прыведзена тры прычыны: 1) блакаванне руху было адносна не працяглым і прадстаўляла сабой адзіны ізаляваны выпадак; 2) былі прадпрынятыя захады для абмежавання перакрыцця руху; 3) ужыванне празмерных абмежаванняў да гэтай дэманстрацыі магло парушыць права яе ўдзельнікаў на свабоду выказвання меркаванняў і сходаў, што таксама магло прывесці да яшчэ большага парушэння руху транспарту. Улады Аўстрыі вырашылі, што яны былі вымушаныя дазволіць гэтую дэманстрацыю, таму што яе ўдзельнікі ажыццяўлялі сваё асноўнае права на свабоду меркаванняў і сходаў, гарантаванае Канстытуцыяй Аўстрыі.

Арганізацыя альбо ўдзел у мірных сходах, хай нават з парушэннем усталяванага нацыянальным заканадаўствам парадку папярэдняга атрымання дазволу на іх правядзенне, мяркуем, не павінны карацца арыштамі і зняволеннем. Мірнымі варта лічыць такія сходы, арганізатары і ўдзельнікі якіх не ўжываюць непасрэдна гвалтоўныя дзеянні, не выказваюцца ў іх падтрымку і не падбухторваюць да іх. Тэрмін “мірнае” варта распаўсюджваць і на паводзіны, якія могуць раздражняць або абураць асобаў, не згодных з ідэямі ці заявамі, якія высоўваюцца дадзеным сходам, а таксама на паводзіны, якія накіраваныя на наўмыснае замінанне або стварэнне перашкодаў дзеянням трэціх асобаў. Напрыклад, сход, звязаны выключна з пасіўным супрацівам альбо блакаваннем дарог у выглядзе сядзячых дэманстрацыяў варта прызнаваць мірным".

Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ) (справа Муконг супраць Камеруна, справа Лео Р. Херцберг і іншых супраць Фінляндыі ды іншыя справы), Еўрапейскі суд па правах чалавека (справа Балтык і інш. супраць Турцыі, 2008) паслядоўна рэалізоўваюць дадзены падыход у сваёй практыцы.

Так, са справы Ківенмаа супраць Фінляндыі і іншых угледжваецца, што аўтар і чальцы яе арганізацыі ўдзельнічалі ў дэманстрацыі супраць парушэнняў правоў чалавека ў іншай краіне без апавяшчэння паліцыі аб намеры правесці акцыю. Яны распаўсюджвалі ўлёткі і ўздымалі плакаты, знаходзячыся ў ліку больш буйнай групы асобаў, якія збіраліся вітаць лідэра іншай краіны, што прыбыў у Фінляндыю з афіцыйным візітам. "Не падвяргаючы сумневу сумяшчальнасць з артыкулам 21 закона, які ўтрымлівае патрабаванне апавясціць паліцыю аб намеры правядзення маніфестацыі ў грамадскім месцы за шэсць гадзін да яе пачатку, Камітэт, тым не меней прыйшоў да высновы, што ў абставінах дадзенай справы ўмяшальніцтва паліцыі і наступнае вырашэнне суду аб прызначэнні аўтару пакарання ў выглядзе выплаты штрафа выходзіць за рамкі законных абмежаванняў" - як сказана ў меркаваннях Камітэта па справе. Камітэт вызначыў, што мела месца парушэнне артыкулаў 19 і 21 Пакта.

Адпаведна, нацыянальныя суды павінны разглядаць пытанні дапушчальнасці абмежавання правоў і свабодаў грамадзянаў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі Беларусі, з пазіцыі іх законнасці і абгрунтаванасці з улікам практыкі Камітэта ААН па правах чалавека і патрабаванняў арт.арт. 31-33 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоваў 1969 г. ў частцы тлумачэння міжнародных нормаў права. Ацэньваючы характар наступстваў блакавання ўдзельнікамі маніфестацыі транспартных магістраляў важна ўлічваць тыя абставіны, што хоць акцыі не была загадзя санкцыянавана, аднак сілы аховы правапарадку ведалі аб месці і часе яе правядзенне задоўга да яе пачатку, так як падрыхтоўка праводзілася адкрыта. Гэта значыць, што было дастаткова часу падрыхтаваць перанакіраванне транспартных плыняў па іншых маршрутах, як гэта робіцца, напрыклад, падчас візітаў замежных дэлегацыяў, правядзення рамонтных аварыйных прац і г.д.

3. Варта адзначыць, што ў прысудах па справах аб удзеле ў акцыі 10 студзеня 2008 года не даследаванае пытанне, чаму менавіта дадзеныя асобы (14 чалавек) аднесеныя да актыўных удзельнікаў групавых дзеянняў, прадугледжаных у дыспазіцыі ч.1 арт. 342 КК, чым іх дзеянні прынцыпова адрозніваліся ад дзеянняў іншых удзельнікаў акцыі. Між тым, менавіта актыўнасць удзелу з'яўляецца абавязковай прыкметай складу злачынства, які аналізуецца. Аналіз паказвае, што прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці апынуліся выключна актывісты апазіцыйных палітычных партыяў і рухаў. Так, Пашкевіч з'яўляецца чальцом палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі, адным з лідэраў Маладых дэмакратаў; Бондар, Чарнышоў, Крываў з'яўляюцца чальцамі АГП; Стральоў - адзін з актывістаў БСДП (Г); Койпіш - сябра моладзі БНФ; Дубскі і Сяргееў - чальцы Маладога Фронту, Цішкевіч, Баразенка, Дашук, Вінаградаў - чальцы грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь"; Субач і Кім з'яўляюцца актывістамі іншых незарэгістраваных моладзевых структураў апазіцыйнай накіраванасці.

У той жа час ні адзін з індывідуальных прадпрымальнікаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў акцыі пратэста і перакрывалі транспартныя камунікацыі, не быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.

Важна адзначыць, што 29 лістапада 2005 года ў г. Мінске некалькі сотняў працаўнікоў ААА "Мотавела", якія не атрымалі ў прызначаны тэрмін заробак, стыхійна выйшлі з тэрыторыі прадпрыемства, скандуючы "Зарплату! Зарплату!", і насупраць прахадной перакрылі Партызанскі праспект, паралізаваўшы тым самым рух на адным з найбольш ажыўленых дарожных участкаў у горадзе Мінску з 14 да 15 гадзін. Іх дзеянні таксама з'яўляліся формай пратэсту супраць дзеянняў уладаў. Тады ні адзін з удзельнікаў стыхійнай акцыі не быў прыцягнуты ні да адміністрацыйнай, ні да крымінальнай адказнасці.

Відавочна, што крымінальныя рэпрэсіі за ўдзел у масавай дэманстрацыі былі накіраваны толькі супраць палітычных актывістаў.

Мяркуем, што такі выбарчы падыход да ўжывання санкцыяў можа сведчыць аб дыскрымінацыі па палітычных матывах, што з'яўляецца парушэннем арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якой усталявана роўнасць перад законам без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, а таксама арт. 2 і 26 Пакты, у адпаведнасці з якім кожная дзяржава-ўдзельнік Пакта абавязваецца паважаць і забяспечваць усім, хто знаходзіцца ў межах яго тэрыторыі і пад яго юрысдыкцыяй асобам правы, якія прызнаюцца ў Пакце, без якога то ні было адрознення, як-то: у дачыненні расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага стану, нараджэння альбо іншых абставінаў.

4. Як угледжваецца з матэрыялаў справы, большасць з ліку асуджаных за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях 10 студзеня 2008 былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці і падвергнутыя спагнанням у выглядзе арышта па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (А.І. Кім, М.У.Пашкевіч, М.Ю. Крывоў, У.П. Сяргееў, А.У. Койпіш, Т.С.Цішкевіч, А.У.Стральцоў, А.М. Бондар, А.С. Дубскі, А.І. Чарнышоў, М.А. Субач, П.Ю. Вінаградаў, М.У. Дашук).

Дадзеныя пастановы пасля іх абскарджання ўступілі ў законную сілу і на момант вынясення прысуду ў дачыненні пазначаных асобаў не былі адмененыя ва ўсталяваным парадку. Такім чынам, паводле судовых пастановаў дзеянні асуджаных асобаў яшчэ да здзейсненых прысудаў кваліфікаваныя як адміністрацыйная правіна, за што яны і былі падвергнутыя пакаранню. Пазначаныя акалічнасці не былі ўлічаны арганам крымінальнага пераследу і не ацэненыя судом першай і касацыйнай інстанцый.

Між тым, паводле ч. 6 арт. КК Рэспублікі Беларусь ніхто не можа несці крымінальную адказнасць двойчы за адно і тое ж злачынства. Прынцып недапушчальнасці падвоенага пакарання заснаваны на п. 7 арт. 14 Пакта. У артыкуле замацаваныя прынцыпы справядлівага разбіральніцтва. У прыватнасці, у ёй адзначана: "ніхто не павінен быць двойчы асуджаным альбо пакараным за злачынства, за якое ён ужо быў канчаткова асуджаны ці апраўданы ў адпаведнасці з законам і крымінальна-працэсуальным правам кожнай краіны".

Дадзеная міжнародная дамова ратыфікаваная Рэспублікай Беларусь і ў адпаведнасці з арт. 20 Закона "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" з'яўляецца часткай дзейснага на тэрыторыі Беларусі заканадаўства і падлягае непасрэднаму ўжыванню.. Пры гэтым суд павінен зыходзіць з таго, што мэта і прызначэнне Пакта як інструмента абароны правоў чалавека і яго ўжыванне павінны быць такімі, каб гарантыі, закладзеныя ў ім, былі б канкрэтнымі і эфектыўнымі.

Практыка Камітэта ААН па правах чалавека і Еўрапейскага суду па правах чалавека сведчыць аб тым, што патрабаванні, выкладзеныя ў ч. 6 арт. 3 КК Рэспублікі Беларусь, павінны трактавацца ў святле агульных прынцыпаў адносна недапушчэння другаразовага пакарання за адно і тое ж дзеянне незалежна ад таго, нормамі адміністрацыйнага або крымінальнага закона яно прадугледжана (справа С. Залатухіна супраць Расіі, разгледжанае Еўрапейскім судом па правах чалавека). Такім чынам, суд быў абавязаны ацэніць такія фактары, як прававая класіфікацыя злачынства ў адпаведнасці з нацыянальным законам; характар злачынства; прававая характарыстыка меры, прынятай на нацыянальным узроўні; яго мэта, характар і цяжкасць; ці была мера прынятая пасля прызнання вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнай правіннасці альбо крымінальнага злачынства. Что датычыцца прававой класіфікацыі, міжнародныя інстытуты абароны правоў чалавека прызнаюць, што галіна, вызначаная ў накаторых прававых сістэмах (у тым ліку і ў Беларусі) як "адміністрацыйная", уключае асобныя правапарушэнні, якія па прыродзе з'яўляюцца злачыннымі, але занадта малазначнымі, каб разглядаць іх у рамках крымінальнага судаводства.

Вынікае, што прынцыпы крымінальнага закона, выкладзеныя ў ч.6 КК Рэспублікі Беларусь, мусяць ужывацца да блізкіх па змесце саставам, як у дачыненні дзеянняў, прадугледжаных у КаАП, так і ў дачыненні злачынстваў, замацаваных у КК.

Акрамя таго, пры адзначаных вышэй абставінах, на нашу думку, па прыведзеных вышэй меркаванням парушаны і прынцып прэюдыцыі (што гэта такое? проста, каб ведаць), закладзены ў арт. 106 КПК Рэспублікі Беларусь.

Дадзеныя парушэнні прызнаюцца законам істотнымі і служаць падставай для адмены здзейсненых прысудаў (ч. 2 арт.303, арт. 391 КПК).

5. Даследаванне і ацэнка судом фактычных абставінаў справы, звязаных з ацэнкай пазітыўных абавязкаў дзяржавы па забеспячэнні свабоды меркаванняў і свабоды сходаў, суразмернасці ўжытых уладамі абмежаванняў гэтых правоў, рэалізацыяй прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам без усялякай дыскрымінацыі, неабходнасцю размежавання актыўнага і пасіўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, забеспячэннем прынцыпа недапушчальнасці двайнога пакарання з'яўляюцца неабходнай умовай для поўнага, усебаковага і аб'ектыўнага разгляду справы і прыняцця па ёй рашэння ў адпаведнасці з патрабаваннямі нацыянальнага заканадаўства і міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.

У практыцы беларускага правасуддзя, на жаль, яшчэ не сфарміравалася прававая традыцыя, заснаваная на глыбокай павазе да правоў чалавека. Таму асобныя судовыя пастановы прыводзілі да таго, што міжнароднымі арганізацыямі прызнавалася наяўнасць у Беларусі палітзняволеных.

Крытэрыі вызначэння панятку "палітзняволены" распрацаваныя незалежнымі экспертамі Савета Еўропы ў сувязі з падрыхтоўкай даклада па палітвязням у Азербайджане і Арменіі. Асоба, пазбаўленая свабоды, падпадае пад панятак "палітычны зняволены", калі:

- пазбаўленне свабоды было ўжыта ў парушэнне аднаго з асноўных правоў, гарантаваных Еўрапейскай Канвенцыяй па Правах Чалавека (ЕКПЧ) і Пратаколамі да яе, ў прыватнасці, свабоды слова, сумлення, рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, а таксама свабоды сходаў і асацыяцыяў;

- пазбаўленне свабоды было ўжыта па відавочна палітычных прычынах без сувязі з якім-небудзь правапарушэннем;

- па палітычных матывах працягласць зняволення і яго ўмовы з'яўляюцца ўяўна несуразмернымі ў дачыненні да правапарушэння, у якім асоба была прызнаная вінаватай або падазраецца;

- асоба пазбаўленая свабоды па палітычных матывах на дыскрымінацыйнай падставе ў параўнанні з іншымі асобамі;

- пазбаўленне свабоды з'яўляецца вынікам разбіральніцтва з відавочнымі парушэннямі працэсуальных гарантыяў, што звязана з палітычнымі матывамі ўладаў (з дакумента Савета Еўропы SG\Inf(2001) 34\24 October 2001).

Грунтуючыся на павазе да суда, падкрэсліваючы значнасць незалежнасці суда, выказваем спадзяванні, што пры разгледжанні крымінальнай справы па абвінавачанню А. Баразенкі ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.1. арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь за ўдзел у мірнай акцыі прадпрымальнікаў у г. Мінске 10 студзеня 2008 года суду будуць карыснымі звесткі і меркаванні, прыведзеныя ў дадзеным заключэнні.

Старшыня юрыдычнай
камісіі РПГА "БХК",
эксперт Г.П. Паганяйла