“Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь парушыў дзейснае заканадаўства аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў, а таксама арт. 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які абавязвае дзяржаўныя органы… разглядзець зварот і даць пісьмовы адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін”, – гаворыцца ў скарзе БХК, накіраванай у Суд Маскоўскага раёна г. Мінска 5 лютага 2010 г.
Кароткая перадгісторыя.
БХК працягвае дамагацца прызнання незаконным распараджэння міністра ўнутраных справаў ад 26.08.2008 № 103 «Аб арганізацыі ўзаемадзеяння з Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь па дактыласкапаванні ваеннаабавязаных грамадзянаў». (1, 2; з дадаткамі № 1- 3,4) і просіць Савет Міністраў адмяніць яго.
У верасні праваабаронцы звярнуліся ў Савет Міністраў з просьбай унесці прапанову ў Канстытуцыйны Суд аб праверцы канстытуцыйнасці распараджэння МУС. Без тлумачэнняў Саўмін адмовіў праваабаронцам у задавальненні іх просьбы.
12 лістапада праваабаронцы накіравалі ў Саўмін запыт аб прадстаўленні копіяў дакументаў, якія адлюстроўваюць прававыя падставы і матывы прынятага Саўмінам рашэння. А праз два тыдні ў БХК патэлефанавалі з Савета Міністраў і паведамілі, што пасля ўзгаднення з Мінюстам, МУС і іншымі зацікаўленымі ведамствамі было вырашана адмовіць БХК у прадстаўленні матэрыялаў, якія запытваліся раней.
БХК лічыць, што падобнымі дзеяннямі Саўмін парушае Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў» і накіраваў 4 снежня 2009 года скаргу на імя Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь з просьбай прадставіць інфармацыю, якая запытвалася раней, і прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці службовых асобаў Апарату Савета Міністраў, якія парушаюць парадак разгляду зваротаў.
Да 5 лютага 2010 г. адказу з Савета Міністраў на дадзены зварот БХК не атрымаў, у сувязі з чым і накіраваў скаргу ў Суд Маскоўскага раёна г. Мінска.
У скарзе БХК просіць узбудзіць грамадзянскую справу і прызнаць дзеянні (бяздзеянне) Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь незаконнымі, парушаючымі правы і законныя інтарэсы БХК, а таксама абавязаць Старшыню Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь накіраваць у адрас БХК дакументы, якія раней запытваліся.






