Skip to main content

Брэстчына: два актывісты партыі “Справядлівы свет” абраныя дэпутатамі

Як паведаміла старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка, два актывісты партыі сталі дэпутатамі. Уладзімір Дарапей абраны ў Брэсцкі районны Савет дэпутатаў, Аляксандр Галькевіч – у Баранавіцкі гарадскі Савет дэпутатаў. Усяго па вобласці балатавалася 11 сябраў партыі “Справядлівы свет”.

Віцебск без апазіцыйных дэпутатаў

Па папярэдніх выніках, Віцебскаі гарадскі Савет дэпутатаў, а таксама Віцебскі абласны Савет засталася без апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты.

У Віцебскі абласны Савет дэпутатаў з дзесяці кандыдатаў ад Партыі БНФ не прайшоў ніхто. У гэты ж прадстаўнічы орган улады з двух сяброў Аб'яднанай грамадзянскай партыі таксама ніхто не абраны. Васьмі прадстаўнікам Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, якія балатаваліся ў Віцебскі аблсавет, таксама не атрымалася атрымаць дэпутацкі мандат.

Магілёў: чэргі да раённых адміністрацыяў. Фотафакт

Каля 22:00 25 красавіка.

У начной цемры можна разгледзець чаргу машын, якая ўтварылася на шляху да Адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва.

Замест таго, каб везці дакументы ў акруговыя выбарчыя камісіі, участковыя камісіі звозілі іх у адміністрацыю.

Горкі: кандыдатка ад БХД стала дэпутаткай сельскага Савету

У Горках кандыдатка ў дэпутаты, якая з’яўляецца сябрам аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя”, Жанна Шчарбініна стала дэпутаткай Аўсянкаўскага сельскага Савету. Паводле падліку яна набрала 51 голас, або 42,8% ад тых, хто прыняў удзел у галасаванні. Яе найбліжэйшага канкурэнта падтрымала 23 выбаршчыкі. Трэба адзначыць, што Жанна Шчарбініна з’яўляецца яшчэ і сябрам Руху “За Свабоду”.

Салігорск: дыспрапорцыя вынікаў датэрміновага галасавання і ў дзень выбараў

Вынікі датэрміновага галасавання істотна адрозніваліся ад вынікаў волевыяўлення выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання. Кандыдат у дэпутаты Аляксей Валабуеў папрасіў патлумачыць старшыню выбарчай камісіі такія дыспрапорцыі. Той да адказу быў гатовы і адразу прадаставіў пратакол, складзены адносна кандыдата нібыта за агітацыю ў дзень галасавання. Менавіта пра такі метад дыскрыдытацыі быў абраны супраць кандыдата, а падпісаны ён быў казакамі-назіральнікамі, якія на працягу дня адкрыта супрацьстаялі назіральнікам і давераным асобам Валабуева.

Баранавічы: адзіны зарэгістраваны з дэмакратычных кандыдатаў Аляксандр Галькевіч перамог праўладнага кандыдата Міхаіла Шубіча

Адзіны зарэгістраваны з дэмакратычных кандыдатаў Аляксандр Галькевіч, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, на выбарах 25 красавіка перамог праўладнага кандыдата - галоўнага рэдактара дзяржаўнай газеты “Наш край”, сябра Баранавіцкага гарвыканкама Міхаіла Шубіча. Яны балатаваліся па выбарчай акрузе № 25 на выбарчым участку № 34. Яўка прагаласаваўшых склала на гэтым участку 58,3% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За Аляксандра Галькевіча прагаласавала 823 выбаршчыкаў (48%), а за Міхаіла Шубіча – 545 (32%).

Салігорск: назіральнік-ідэолаг курыраваў дастаўку бюлетэняў з участка

Жана Карпец, сакратар намесніка старшыні Салігорскага выканкама па ідэалагічнай працы, прысутнічалана ў дзень выбараў на ўчастку №13 у якасці назіральніка. Пасля падвядзення вынікаў выбараў яна ж дастаўляла ў суправаджэнні сябраў камісіі бюлетэні выбаршчыкаў у выканкам. Яе пабачылі прадстаўнікі штаба незалежнага кандыдата Аляксея Валабуева каля будынка выканкама.

Салігорск: падлік назіралі за спінамі

У актавай зале школы №5 былі размешчаны адразу два ўчасткі. Адзін – безальтэрнатыўны і больш ліберальны і другі -- дзе вылучаўся дэмакратычны кандыдат Аляксей Валабуеў. Гэта і паўплывала на пыдыходы камісіі да магчымасцяў назіраць за працэсам падліку галасоў.

Орша: кандыдату ў дэпутаты не дазволілі назіраць падлік галасоў

Факт грубага парушэння выбарчага заканадаўства меў месца ва ўчастковай выбарчай камісіі №6 па г. Орша. Прыкладна ў 19-30 25 красавіка на гэты ўчастак прыбыў кандыдат у дэпутаты Аршанскага гарадскога Савета, сябра Партыі БНФ Аляксандр Камінскі. Ён заявіў, што прыбыў назіраць за падлікам галасоў. Аднак старшыня ўчастковай камісіі разам з дзяжурыўшым супрацоўнікам міліцыі не дазволілі яму прысутнічаць у памяшканні падчас падліку галасоў і выставілі на вуліцу.

Затрыманне журналіста на выбарчым участку

У дзень выбараў на 19-м участку мінскай выбарчай акругі № 30 у памяшканні гімназіі № 33 міліцыя затрымала журналіста газеты «Белорусы и рынок» Вадзіма Александровіча.

Як распавёў на наступны дзень прэс-службе БАЖ сам журналіст, затрыманне адбылося каля 20.00, калі ён здымаў на фотаапарат у рэжыме відэа працэс падліку галасоў. Гэта не спадабалася выбарчай камісіі.

Syndicate content